Юля з'явілася ў Марыупалі праз Галадамор. У прадзеда з прабабкай па матчынай лініі на Слабажаншчыне быў млын, коні, вялікая гаспадарка. У трыццатыя гады іх непазбежна чакаў лёс усіх «куркулёў», калі б яны не ўцяклі ў Жданаў, кінуўшы ўсё нажытае. Гэта выратавала іх і ад голаду таксама. У індустрыяльным горадзе быў хлеб, Азоўскае мора кішма кішэла рыбай. Для абагрэву дому дзеці прадзеда з прабабкай цягалі вугаль з цягнікоў, якія падвозілі паліва для металургічных камбінатаў. Адзін з іх, Іван, пусціў карані ў Прыазоўі, пасля вайны выгадаваў тут траіх дзяцей.
Найстарэйшая, Вера, пасля заканчэння гандлёвай вучэльнi ідзе працаваць у сферу транспартных паслуг. Спачатку афіцыянткай ў рэстаране мясцовага аэрапорта, потым правадніцай рэйсаў Жданаў – Масква і Жданаў – Ленінград. Ёй хацелася мора, каля якога яна вырасла. Але Азоўскае параходства не бярэ дзяўчыну на працу з-за адмовы ўступіць у камсамол. Яна едзе на Поўнач. Мурманскае параходства прымае адчайдушную жыхарку поўдня, і Вера ідзе ў арктычную навігацыю.
Падчас працы ў Арктыцы, калі Веры было 30 гадоў, яна пазнаёмілася з Аляксандрам, 24-гадовым украінцам, выхадцам з мікалаеўскіх стэпаў. Пабрацца шлюбам вырашылі на рэйдзе, сысці дзеля гэтага ў Рызе. Сюды паклікалі сваякоў. Але ўмовы надвор'я не дазволілі зайсці ў порт, сваякі паелі ды папілі ў прыморскім гатэлі без маладых. Маладыя распісаліся ўжо ў Мурманску, самі па сабе. Аляксандр быў у джынсавым касцюме і белай вадалазцы, шкіперскую бародку згаліў, пакінуў толькі цёмныя вусы з абвіслымі канцамі. Вера апранула буйныя каралі і бэзавы гарнітур з градыентам. У абодвух пышнае і калматае карэ валасоў. Над галовамі навісалі стылізаваныя казачныя кароны князя і князёўны. Слухаючы прамову супрацоўніцы ЗАГСу, Вера склала рукі на жываце, схіліла галаву набок, і глядзела вачыма коткі ў нікуды, пасміхаючыся прыўзнятымі куткамі вуснаў. Аляксандр троху ўскінуў галаву, глядзеў прама, адкрыта і задуменна, як у марскую далечынь.
***
1980 год. Нягледзячы на застой, аднаго за адным ракетаносьбіт Цыклон адпраўляе ў космас спадарожнікі Маланкі і Стрэлы, Феніксы і Ветразі. Некуды туды паляцеў і ласкавы алімпійскі Мішка, ён больш не вернецца.
Зачатая Юля была недзе на трасах Паўночнамарскога Шляху. Або на сухагрузе з шпіцбергенскім вуглём, або на атамным ледаколе «Ленін». Нарадзілася ў Жданаве. Але пасля яе нараджэння бацькоў зноў паклікала ледзяная рамантыка Поўначы. Сям'я адляцела з цёплых краёў рэйсам Жданаў–Масква–Палярны, аэрапорт горада Удачны, Якуція. Так дзяўчынка Юля ва ўзросце да году апынулася ў варожым, амаль касмічным асяроддзі. З зімой даўжынёй у дзевяць месяцаў і бясконцай тайгой. Годам, падзеленым на даўжэзную ноч і даўжэзны дзень. Дзень чакаць было доўга, але тады ўжо дзяцей не загнаць было дадому.
— Юля-а-а-а-а, ідзі дадому, позна ўжо!
— Мам, ну якое позна, яшчэ толькі дзве гадзіны ночы! — крычала ў адказ малая, гайдаючыся на арэлях.
Будынкі былі прыўзнятыя над зямлёй на ўзровень аднаго паверху. Яны стаялі, як касмічныя станцыі на чужой планеце. Адной з улюбёных забаваў дзяцей было гуляць «пад домам» у казакоў-разбойнікаў.
Першай любоўю Юлі было чытанне. Чытаць яна пачала яшчэ да пяці гадоў. Справаздачы з'ездаў партыі, нататкі з палёў, рэпартажы аб пакарэнні Поўначы.
«ЛЁД сустрэў нас каля паўвострава Адміралцейства ўвечары. Спачатку ня лёд, а так званы цёмны нілас. Ён лёг на ваду маржовай шкурай, пад якой ледзь бугрыліся мускулы хваляў. Паступова ён бялеў, набываў крохкасць. Памучыўшыся з КАЭ — касцюм арктычны экспедыцыйны: камбінезон, куртка, вярблюджая поўсць, зашпількі-маланкі, ліпкая стужка, каб не прабіваў вецер, кнопкі, — я падняўся на верхні масток.
Цяпер мы ішлі праз белы нілас. Промні пражэктараў ляжалі на бясконцым роўным белым полі. Здавалася, судна стаіць на месцы, толькі ўздрыгвае, а бель з-пад гарызонту сама імчыцца насустрач. Было вельмі ціха. Абпальваючы твар, прысвістваў вецер.
Справа, над ледзь заўважным берагам Новай Зямлі, зіхацела блакітная Венера, а ніжэй за яе, крыху наўскасяк, як бы наўздагон падморгваў маленькі рыжаваты Марс».
***
Седзячы ў прыбіральні, Юля шэптам прамаўляла скорагаворкай незразумелыя ёй словазлучэнні і сказы.
— Чым гэта Юлька занятая? Заціхла нешта, — скажа мама.
— Юль, можа, сходзіш пагуляць? За табой вось і сяброўкі прыходзілі, — гукне тата.
— Не-а, не магу я, чытаю, — адгукнецца Юля з прыбіральні.
Дзіцячая бібліятэка знаходзілася на першым паверсе пад'езда пяціпавярхоўкі. Юля з трэцяга на першы магла спусціцца некалькі разоў на дзень. У плеценай авосьцы ляжалі яе найлепшыя сябры і яе каханне — кнігі.
Мноства кніг па энтамалогіі і заалогіі, біялогіі і батаніцы, бо другой любоўю Юлі сталі жывёлы і казуркі. А яе ўлюбёнымі казкамі былі казкі Туве Янсан. Са свету казачных істот шведскай пісьменніцы яна больш за ўсё любіла Мюмлу — істоту злосную, але справядлівую, вясёлую і гатовую ў любы момант укусіць крыўдзіцеля за ногу.
Менш за ўсё Юля любіла ціхі час у дзіцячым садочку, калі іншыя дзеці, узбуджаныя і расчырванелыя, з віскам бегалі паказваць адно аднаму піські.
Ёй здавалася гэта нікчэмнай забавай, нібыта цікавейшых справаў няма. Дзяўчынка паціскала плячыма, чмыхала, закопвалася ў падушку і засынала.
У школе Юля была худзенечкай, чэзлай, дробнай, з нязменнымі касічкамі тырчма. Яшчэ і дзікаватым звярком. Хлопчыкам такія не падабаліся. Але гэта падабалася самой дзяўчынцы. «Не патрэбныя мне гэтыя хахулі», — казала яна, блытаючы хлопчыкаў-ухажораў з рэдкім відам сысуноў.
***
Звычайнае пытанне сваякоў «ну што, жаніха знайшла?» злавала Юлю, яна ўцякала падалей, да чарговай кніжкі. У свет, свабодны ад чалавечых адносін і сарамлівасці, прамалінейны і крывава-фізіялагічны. У ім былі роды кароваў і акот авечак, спакладаныя быкі і сабакі з мастытам, палавыя сістэмы жукоў-аленяў і яйцаклад наезнікаў. Усё гэта не бянтэжыла яе, як бянтэжылі міжчалавечыя адносіны. Не, хлопчыкі Юлю не цікавілі, яна была вольная ад згрызотаў кахання.
Не цікавілі дзяўчынку цацачныя калыскі, гульні ў дочкі-маці, абыякавая яна была да ўпрыгожвання сябе. Калі і брала ўпотай мамчыну памаду, лак для пазногцяў і валасоў, дык толькі з мэтай змяшаць усё гэта ў пякельны кактэйль дзеля цікавасці да хімічных рэакцый.
Хімічныя рэакцыі ў арганізме запускалі працэсы сталення, Юля бралася чытаць кнігі для юных лэдзі. У адной з іх пад назвай «Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына» была глава пра другасныя палавыя прыкметы, дзе аўтар даваў практычныя парады для падрастаючых дзяўчынак і іх грудзей.
«Для таго, каб зразумець, ці не прыйшла пара апранаць бюстгальтар, прыпадыміце адну грудзь і падкладзіце пад яе аловак. Калі аловак не падае, значыць самы час папрасіць у мамы купіць вам ніжнюю бялізну».
Час ішоў, а прыўздымаць было няма чаго, класці аловак можна было выключна ў школьны пенал. Калі 12-13 гадовыя аднакласніцы Юлі ўжо рассякалі паветра грудзьмі, Юля рассякала на ровары па маленькаму палярнаму мястэчку — у нязменных кедах і расцягнутай футболцы, без боязі, што з-пад яе нешта выпадзе, вываліцца або выкаціцца.
— З першым памерам па дрэвах лазіць зручней! — казала Юля.
— Ды і на бялізне зэканоміць можна, яна вунь якая дарагая! — падыгрывала ёй мама.
Юля з дзяцінства ўбірала ад бацькоў сумесь паўночнага суровага светапогляду і еўрапейскага падыходу да шлюбу і сям'і. Бацькі, аб'ездзіўшы поўнач Еўропы — Швецыю, Нарвегію, Галандыю, Данію, Ірландыю — перанялі і еўрапейскі лад жыцця. Выходзіць замуж да трыццаці — бязглузда, неабачліва і несучасна. Дзеці павінна з'яўляцца толькі ў свядомым узросце, узросце жанчыны, а не дзяўчыны. Насіць «дзявочыя» сукенкі і сарафаны — «неінтэлігентна».
Стандартнае вяселле «у белым і з сотняй гасцей» — гэта фу і ганьба. Увогуле, бацькі часта прыгаворвалі: «Гэта не па-еўрапейску».
Калі бацькі прапанавалі Юлі нешта, што супярэчыла іхным уласным ранейшым наказам, яна бурна пратэставала. Выдумвала радзімкі і мазалі, але не здавалася.
— Апраніся як дзяўчынка, мы ж у госці едзем, а не па тайзе блукаць, — прасілі бацькі.
— Глядзі, які ланцужок табе тата купіў. Элегантны, залаты, з маленькай падвескай-сэрцайкам. Можа, надзенеш, Юль?
— Нееее, не магу, у мяне радзімка на шыі, ланцужок яе кранае — балюча!
— Надзенеш на ўрачыстыю лінейку тыя туфлі з змяінай скуры? — тата прывёз іх дачцэ з працяглай камандзіроўкі на Кубу.
— Нееее, яны мне ногі ціснуць!
— Ну і хадзі ў тарбасах, клуша!
«Якія яшчэ, блін, туфлі?! — думала Юля. — І хай ёй не вельмі падабаліся якуцкія боты з аленевай поўсці, ніякіх туфляў. — На мяне ж усе тарашчыцца будуць!»
Яна рабіла ўсё для таго, каб «хахулі» не звярталі на яе ўвагі, трэба быць шэрай мышкай, не выпінацца і не тузацца, іначай заўважаць і павядуць... на спатканні, а потым каханне і, крый божа, вяселле ў белай сукенцы і туфлях! А там жа... там і да дзяцей недалёка!