Медыя-пісьменнік Севярын Квяткоўскі прэзентуе новы праект «Як стаць беларусам. Сто гісторый». Гэта збор маналогаў розных людзей: ад земляроба да праграміста. З вядомых асобаў у кнізе прадстаўленыя аповеды Уладзіміра Арлова, Сяргея Міхалка, Андрэя Курэйчыка. Рэдакцыя KYKY друкуе каментар Севярына Квяткоўскага аб тым, што трэба зрабіць, напрыклад, немцу, каб стать сапраўдным беларусам, а таксама аповед глаўрэда часопіса «Большой» Зміцера Навіцкага «Беларусам патрэбны грошы і танныя візы», які увайшоў у кнігу.
Севярын Квяткоўскі, аўтар праекту: «Стаць беларусам у Беларусі – гэта значыць выплысці на паверхню: да паветра, да сонца. Прабіцца праз шчыльную субстанцыю наслаенняў ідэалагічных і псіхалагічных праблемаў. Гэта як схадзіць у лазню, і выпарыць ўсё лішняе, што асядае шкоднымі рэчывамі на целе. А ў здаровым целе – здаровы дух.
Як немцу стаць беларусам?Насамрэч, немцу не абавязкова пасля такой «лазні» загаварыць па-беларуску, заспяваць “Мы выйдзем шчыльнымі радамі!”, і начапіць на свой “Volkswagen” бел-чырвона-белую налепку. Нашаму ўяўнаму нямецкаму сябру дастаткова агледзіцца вакол, і адчуць ці зразумець, дзе яго спрабуюць ашукаць, падмануць, а дзе ён хоча проста быць сабой, без інструкцый збоку.
Мы ў Беларусі нарадзіліся і жывем у эксперыменце, які спазналі, хіба, усходнія немцы. А таксама іншыя народы цэнтральнай, паўднёвай і ўсходняй Еўропы. Заходні немец і не зразумее пра што гаворка. Пакуль не патлумачыш нюансы: пра ідэалагічны падман, пошук свайго, фармуляванне свайго ўласнага.
“Траўматычная гісторыя?” – запытаўся ў мяне адзін амерыканскі антраполаг савецкага паходжання. “Так, - кажу. – А што рабіць? Лепш прыняць, асэнсаваць, ператварыць, і забыць. У сэнсе – пакінуць даследчыкам”. Пошук праўды і фармуляванне свайго адрозніваецца ў розных народаў і проста сацыяльных групаў. Але ўсіх яднае панятак крэатыву – стварай.
Быць беларусам сёння – ствараць.
Магчыма, як і быць парагвайцам, французам ці немцам.
Выбар за табой, дарагі чытач».
Зміцер Навіцкі. «Беларусам патрэбныя грошы і танныя візы»
Мае бабулі і дзядулі — «тутэйшыя», паходзяць з вёсак Стаўбцоўшчыны. Але ўсведамленне сябе беларусам з’явілася падчас вандроўкі па Індыі. Два месяцы ў краіне, якая для заходняй ментальнасці здаецца іншай планетай, моцна абвастрылі пачуццё «беларуса». У Індыі я перачытаў дапаможнік па гісторыі Беларусі і амаль усяго Караткевіча.
Ведаю, як і я, шмат беларусаў «абуджаецца» менавіта за мяжой. Хапаюцца чытаць літаратуру, цікавіцца гісторыяй. Як толькі беларусы пачнуць ездзіць далей за Пухавічы, адразу пачнецца ўздым нацыянальнай ідэі.
Грошы — і танныя візы... Вось і ўсё, што цяпер нам па трэбна.
«Чым вы адрозніваецеся ад іншых народаў?» — гэта першае пытанне, якое гучыць ад іншаземцаў. І сам, калі вандруеш, шукаеш тыя ж самыя адрозненні. У кожнай нацыі сваё адчуванне жыцця. Кожны народ бачыць свет па-рознаму. Гэта самае цікавае: зразумець, чаму тая ці іншая нацыя жыве менавіта так, як жыве.
Ёсць агульныя рысы: чым больш мора і сонца, тым больш усмешак на тварах і менш жадання працаваць. Чым халадней і складаней жыць, тым больш даверу да слова чалавека — занадта вялікі кошт памылак. Таму паўночныя людзі больш надзейныя.
Так званую абыякавасць да жыцця беларусаў таксама лёгка растлумачыць: у катаклізмах апошніх 200 гадоў зніклі гены непакорлівасці. Выжылі толькі хамелеоны ці непрыкметныя, якія не ўступаюць у канфлікт. Іншых выслалі, павесілі або расстралялі. З мовай і культурай тая ж самая гісторыя: «Что не доделал русский штык, доделает русская школа», — гэтыя словы Мураўёва падхапіла і савецкая школа, выхаванцам якой з’яўляюся і я.
За мяжой нас амаль не ведаюць, хіба «Чарнобыль-Лукашэнка». Я б іншым народам расказаў пра беларусаў так: гэта народ, які знішчалі ўсе апошнія стагоддзі, і досыць паспяхова. Глядзіце на нас, мы - прыкладам. Каб народ прытомнасць страціў — дастаткова забраць у яго гісторыю і мову. Але вы, французы, амерыканцы, кітайцы... можаце нас абудзіць. Прыязджайце, сфармуйце попыт на нашыя каштоўнасці.
Таварышы турысты, каб даведацца, хто такія беларусы, Караткевіча чытайце, «Ладдзя Роспачы» павінная стаць вашай падарожнай кніжыцай па Беларусі. Ці, іншаземнае спадарства, запрашайце да сябе. Пакажыце беларусам, што кожны народ імкнецца падкрэсліць: «Я — не такі, як іншыя». Каталонцы не лічаць сябе іспанцамі, баварцы досыць кпліва глядзяць на астатнюю Германію. Дзе нашыя палешукі, у якіх нават свая мова ёсць? Пакуль няма і беларусаў, але абавязкова з’явяцца: грошы і танныя візы.
І яшчэ. Нацыянальная ідэя — вельмі добры бізнес. На нацыянальным можна няблага зарабляць. У сусветным культурным працэсе вялікім попытам карыстаюцца менавіта нацыянальныя адметнасці. Паўднёвая Амерыка ці Афрыка, Індыя ці Кітай — уся справа ў тым, хто перадасць адчуванне жыцця свайго народа на зразумелай замежнікам мове.
Таму сучасны беларус не павінен чапляцца толькі за беларускую мову, за Якуба-дзядзьку ды Янку-дзядзьку. Ён павінен зрабіць мікс з нацыянальнага з сучасным сусветным. Джон Ленан, сэр Пол, MGMT разам с Сhemical Brothers — усё гэта побач, але з моцным беларускім акцэнтам — вось мой сучасны вобраз «homo беларус».
Той, да якога трэба ісці, мультыкультурны чалавек сусвету. Які ўспрымае ўсіх, Талстога-Дастаеўскага і Кена Кізі пад спевы Manu Chao. Выдатна валодае расейскай, беларускай і англійскай мовамі. І пажадана вучыць мову суседа, паляка ці літоўца.
З імі мы набудзем маштабнасць мыслення. Адчуванне, што Лондан не так далёка, а вучыцца ў Паўднёвай Афрыцы цікава. А спевы, літаратуру-танцы трэба рабіць так, каб пра даваць сусвету, не звужаць тэмы на варыяцыі сахі-касы ці таталітарнасці ўлады. Грошы і танныя візы. І ўсё будзе добра.
Я шлях ад чалавека абыякавага, «тутэйшага», да «беларуса» прайшоў гады за два пасля Індыі. Цяпер магу ўпэўнена разважаць пра баявую крывіцкую магію ці літвінства бела русаў. Не забываючыся пра тое, што ў Еўропе сумна, у Індыі брудна, у Расеі жорстка, але ўсюды — цікава рознымі поглядамі на жыццё. І, самае прыемнае ва ўсіх вандроўках, — вяртанне на Радзіму. Да сваіх людзей. Да беларусаў.
Я з імі ментальна супадаю. Таму пытанні мовы і іх «беларускасці» мяне не вельмі непакояць.Як толькі з’явяцца грошы і танныя візы — мы адразуўбачым нараджэнне беларусаў як асобнай нацыі. Гэтаксама як два гады таму «нарадзіўся» беларусам я.
Спамаваць PDF кнігу «Як стаць беларусам. Сто гісторый» можна тут.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 16 кастрычніка а 19-00 у галерэі 'Ў', Менск, пр-т Незалежнасці, 37/а.