«Такія пытанні беларусы сабе ніколі не задавалі». Што калі скінуцца на агульную маёмасць? Новая ідэя, як усё змяніць

Культ • Цімафей Акудовіч

Гісторык і культуролаг Цімафей Акудовіч трапна заўважае, што беларусы за мяжой звычайна здымаюць памяшканні, не маюць маемасці. «Гэта ўсе сведчыць пра нашую залежнасць, карэкціроўку задач пад праблему выжывання». Як вам яго прапанова скінуцца на агульную маемасць і нават зрабіць з гэтага «выбарчую кампанію»?

Сур'ёзнасць амаль што любой справы можна вымераць па стаўленні да маёмасці. Важнай прыступкай развіцця бізнэса становіцца арэнда офіса. Наступная прыступка, якая сведчыць, што бізнэс вырас — гэта набыццё памяшканняў ва ўласнасць.

Сіла дзяржструктр, бізнэс-карпарацый, ці сацыяльных праектаў так ці інакш карэлюецца з колькасцю квадратных метраў у іх уласнасці.

Зразумела, што квадратныя метры не самы дакладны маркер вымярэння сілы арганізацыі, ці нейкага руху. Больш за тое, гэты маркер ужо досыць архаічны. Але ён усё яшчэ вельмі істотны. І што самае галоўнае, добра зразумелы ўсім. А што калі гэтым маркерам памерыць праект, які мы, не маючы іншых тэрмінаў, называем новая Беларусь?

У беларускіх культурніцкіх і палітычных арганізацыях за мяжой памяшканняў шмат, але амаль ніякія з іх не належаць ні гэтым арганізацыямі, ні беларусам. Часцей за ўсё памяшканні арэндуюцца.

Арэнда сама па сабе не ёсць нейкім злом, але калі глядзець глабальна і ў доўгай перспектыве, то гэта — яскравы сімвал часовасці, няпэўнасць. Гэта пастаянныя выдаткі, ці максімальная залежнасць ад донараў. Гэта вечная карэкціроўка задач пад праблему выжывання. Гэта тармозіць развіццё.

Калі паглядзець з іншага боку, нерухомасць — гэта ўсё яшчэ самы надзейны варыянт атрымання доўгатэрміновага гарантаванага прыбытку ў выглядзе рэнты. Здача нерухомасці — важны элемент устойлівасці дзяржаў, асобных гарадоў, карпарацый і нават буйных сацыяльных праектаў. Карацей, валодаць сваёй нерухомасцю добра. Бо гэта адзнака сур'ёзнай і доўгатэрміновай гульні.

Адсюль пытанне: ці дарасла новая Беларусь да таго, каб абзаводзіцца сваёй маёмасцю? Набываць памяшканні для культурніцкіх офісаў, менеджарскіх штабоў, ці для атрымання рэнты на аплату гэтых самых штабоў? Адказ: хутчэй «не». Каб мець надзею на адказ «так», трэба разабрацца з двума праблемнымі пунктамі.

Першы пункт, канешне, грошы

Маёмасць новай Беларусі (штабоў, офісаў, асобных праектаў) мусіць належыць беларусам, але таму і набываць яе мусяць беларусы. Ці могуць зараз беларусы набываць такую такую маёмасць?

Давайце паспрабуем разгледзeць нейкую гіпатэтычную сітуацыю. Возьмем да прыкладу суму ў 250 тысяч даляраў. На гэтыя грошы ў Варшаве можна набыць нешта невялікае, але больш-менш прыстойнае ў нейкім лагістычна адэкватным месцы.

Каб сабраць такую суму, трэба, каб 50 тысяч беларусаў скінуліся разава па 5 даляраў. 50 тысяч чалавек — гэта трэцяя частка тых, хто з'ехаў пасля 2020 года (па самых сціплых падліках), і дзясятая частка тых, хто дасылаў фота бюлетня на выбарах платформе «Голас». Іншы варыянт — трэба сабраць 5 тысяч беларусаў, якія пагодзяцца ахвяраваць па 50 даляраў. Рэальна-нерэальна сабраць такую колькасцю беларусаў? А ніхто не спрабаваў усур'ёз займацца гэтай тэмай.

Таму скажам так, аб'яднаць 10 тысяч беларусаў, каб сабраць грошай на беларускае памяшканне ў Варшаве — гэта вельмі цікавая задача для якога-небудзь амбітнага палітыка. І, пагадзіцеся, вельмі цікава было б паназіраць за такой «выбарчай» кампаніяй.

Другі праблемны пункт — мэта і спосаб выкарыстання

Тут асноўная праблема, што мэтаў і спосабаў можа быць шмат. Купляць памяшканні для існуючых культурных цэнтраў, адукацыйных, сацыяльных, палітычных праектаў? Ці наадварот, пад такую справу прыдумваць спецыяльныя новыя інстытуцыі? А што яны мусяць рабіць?

І як агулам пасля распараджацца гэтай маёмасцю. Хто будзе рашаць каму яна належыць. Ствараць адзіны фонд, розныя фонды, проста аддаваць арганізацыям? А калі нам не спадабаецца, як гэтай маёмасцю распараджаецца ўласнік. Можа патрэбны які кантралюючы орган?

Ад усіх гэтых пытанняў галава кругам ідзе. Бо іх шмат і мы на такія пытанні сабе ніколі не задавалі. Але ёсць адзін важны момант — гэта канкрэтныя пытанні. На іх можна знаходзіць канкрэтныя адказы. Такія адказы, якія задаволяць 10 тысяч плацёжаздатных беларусаў за мяжой.

Падаецца, шанцы зацікавіць ёсць, бо канкрэтныя адказы — гэта такая рэдкасць у нашыя часы. Яны які мінімум будуць глядзецца свежа і прыцягальна. Вось толькі хто рызыкне першым адкрыць гэту скрынку Пандоры?

 Падсумоўваючы

Мае развагі, пакуль што, чыста тэарэтычныя. Есць рэчы, да якіх трэба дарасці. І людзям і структурам. 

Але мне падаецца, што маёмасць — гэта класная тэма і добрая кропка адліку для практычных размоў. Яна пра ўсё: і пра палітыку, і пра грошы, і пра амбіцыі, і пра структуры, і пра правілы.

Таму адзіная практычная выснова будзе такая: калі вам аднойчы надакучаць пустэча ў прамовах нашых палітыкаў і развагах аналітыкаў, ці пачуццём безнадзейнасці пракрадзецца ўнутры вас, то паспрабуйце зрабіць так — пачніце ад усіх актараў патрабаваць адказу на пытанне: «Як нам пачаць набываць супольную маёмасць новай Беларусі?».

Пытайцеся ў палітыкаў, у аналітыкаў, у сябе. Настойліва. Найперш у сябе, канешне. Новай Беларусі патрэбныя новыя зоркі.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Беларус — гэта не алібі і не знак якасці». Маніфест новай Беларусі: чаму зараз рэальна трэба купляць «сваё»

Культ • редакция KYKY

«Поп-культурніцкія ды інтэлектуальныя інтэрвенцыі «русского мира» пры адсутнасці супрацьдзеяння ператвараюць фармальна незалежную дзяржаву ў правінцыю суседняй імперыі». Сядайце ямчэй — зараз будзе агністы маніфест, напісаны ў калабарацыі Максіма Жбанкова і Мікалая Халезіна пры ўдзеле Надзеі Зелянковай. Гэта — «больш чым культура» і яно пра ўсіх нас.