Не паехаць кукухай — для беларусаў задача мінімум на 2022-й. Асабліва, калі ўжо два гады спрабуеш давесці свету, што не падтрымліваеш дыктатара, які спачатку спрабаваў знішчыць уласны народ, а пасля ўцягнуўся ў вайну разам з Пуціным. Каб у беларусаў не засталося жадання карыць сябе, KYKY папрасіў заснавальніка BY_help Аляксея Лявончыка нагадаць усім, чаму беларусы — крутыя.
Калі вам падабаецца, як каманда KYKY піша аб важным для беларусаў, падпішыцеся на наш Patreon за мерч і іншыя бенефіты. Ці зрабіце хуткі данат проста на гэтым сайце (акно для данатаў пад гэтым артыкулам).
Першае. Беларусы — не памяркоўныя
Пачнем з гісторыі. Вы ведалі, што беларусы — людзі, якія актыўна валілі расійскі істэблішмент у 19- пачатку 20 стагоддзя? Напрыклад, забойца імператара Аляксандра II — беларускі рэвалюцыянер Ігнат Грынявіцкі. Я не ўхваляю забойства, але ў той час былі менавіта такія метады, і беларусы бралі гэтыя метады на ўзбраенне. З аргументам, што беларусы заўсёды былі памяркоўныя, разабраліся, едзем далей да актуальных праблем.
Другое. У беларускім культурным кодзе няма «імперскасці»
«Беларусам павінна быць сорамна, бо Беларусь таксама краіна-агрэсар!». Па-першае, давайце падзяляць паняцці краіны і рэжыму. Я не спецыяліст па расійскай ментальнасці, але сённяшнія сацапытанні паказваюць, што больш за палову расіян ухваляе вайну. І я разумею, што ў расійскім ментальным кодзе ёсць штука пад назвай «імперскасць», якой сярэднестатыстычныя грамадзяне звычайна затыкаюць бытавыя дзіркі: заробак нізкі — затое «Крым наш!». У беларускай ментальнасці такой хрэні няма.
Мы добра ведаем, колькі беларусаў выйшлі ў 2020-м годзе супраць рэжыму, мы таксама ведаем, што гэты рэжым мае падтрымку — не 3%, канешне, ну, дзесьці 25-30% — назавём гэта «тэфлонавы» электарат. Звычайна яго складаюць людзі, для якіх новае заўсёды горш за старое. Такія грамадзяне ёсць ва ўсіх краінах — прыгадайце, напрыклад, колькі людзей у Польшчы галасавала супраць уваходу ў ЕС у 2004-м — таксама недзе 25-30%. Але калі ўзяць беларускі «тэфлон», нават сярод яго падтрымка вайны ва Ўкраіне складае працэнтаў 10. Таму што ў беларускім культурным кодзе няма пастаяннай прагі нешта там «асвабадзіць» і далучыць тэрыторый — нам бы ўпарадкаваць, што ўжо маем. У нас беларусаў запісана, што Крым — не наш.
У нас ніколі не было і такога, як сербы казалі: «Разам с Расіяй нас 150 мільёнаў». У Беларусі падобнае не спрацоўвае, наадварот — яшчэ з другой сусветнай, калі трэць беларусаў выразалі, у нас якраз з'явілася тэза «абы не было вайны». Беларусы ведаюць, што большасць з іх супраць рэжыму, які ўлез у гэтую вайну.
І беларусы досыць пераканаўча прадэманстравалі свае адносіны да рэжыму, у адрозненні ад тых самых расіян — пратэстаў супраць Пуціна амаль і не было. Таму, кажу гэта не ў крыўду адэкватным людзям, якія жывуць на ўсходзе ад нашай мяжы, — ментальна сітуацыя ў нашых краінах адрозніваецца. Агрэсар — не Беларусь, а Лукашенка. І калі вам будуць, напрыклад, украінцы казаць інакш, задайце ім некалькі пытанняў: які палітык быў у іх самы папулярны на пачатак вайны? Хто ў 2020-м крычаў: «Чаго вы шалееце, у вас жа ўсё нармальна?» — і хто гандляваў з Лукашэнкам бітумам, абыходзячы санкцыі Літвы? Не буду заскокваць у складаныя матэрыі, скажу коратка: яны ніх** не разумеюць нашай сітуацыі.
Спачатку ў мяне таксама было брыдкае і эмацыйнае адчуванне: бляха, ну як наша тэрыторыя выкарыстоўваецца! Але мінуў месяц і зараз я не згодны ўспрымаць групавыя прэтэнзіі накшталт «вы вінаватыя!». А чаго вы яго аблізвалі? Рабяты, вы ўсю дарогу рабілі з ім палітыку, а зараз пазналі ісціну з песні Nautilus Pompilius: «Если ты пьёшь с ворами — опасайся за свой кошелёк». Рэальна, вы гралі са злодзеем і думалі выйграць? Першыя 2-3 дні я разумеў, што людзі гавораць на эмоцыях, але калі бачу негатыў у бок беларусаў і зараз, проста пасылаю ў дупу.
Мы будзем дапамагаць Украіне ўсім і як толькі магчыма. Мы ўжо каардынуем некалькі арганізацый, якія аказваюць дапамогу ўцекачам, у маім доме таксама жывуць уцекачы. Але, прабачце, калі нейкая дура кажа, што нам усім патрэбна ўстаць на калені… Вы нічога пра нас не ведаеце.
Трэцяе. У 2020-м на вуліцы краіны выйшла каля 3% грамадзян — і гэта вельмі шмат
Беларусам абсалютна няма за што саромецца. У 2020-м нас кінулі ўсе, апроч літоўцаў, якія збіралі для нас грошы, і палякаў, якія адкрывалі для нас межы. Усе астатнія, у тым ліку ўкраінцы, выказвалі глыбокую заклапочанасць і іржалі над тым, што мы боты здымаем, калі становімся на лаўку. А беларусы выходзілі на пратэст. Нават калі вам падкідваюць контрагумент, маўляў, выйшла ўсяго 200 000-300 000 — гэта прыкладна 3% насельніцтва Беларусі — калі б у Расіі на вуліцы выйшаў бы такі самы працэнт, гэта было б пяць мільёнаў людзей.
Таксама трэба памятаць, што ёсць розныя катэгорыі людзей: нехта гатовы каментаваць, другі — крытыкаваць і толькі трэці — рабіць. Звычайна, робіць 1% — то бок 1% выходзіць на вуліцы. Так адбываецца ва ўсіх краінах, апроч радыкальных сітуацый як, напрыклад, у Румыніі ў 89-м, калі людзям не было чаго есці. Перад імі стаяў выбар: альбо выходзіш, альбо ясі траву. Але калі мы кажам пра краіны, дзе выбар пра есці траву не стаіць, выхад нават 1% на дэманстрацыі азначае, што грамадства напалена. А ў Беларусі выйшла 3% — і гэта вельмі шмат, канверсія неверагодная! У Расіі пяць мільёнаў на вуліцах я не бачыў, і не жадаю шукаць прычыны, чаму. Не жадаю быць чалавекам, які ўсіх расіян зараз называе акупантамі і агрэсарамі. Шчыра кажучы, я не ведаю, што было б з Беларуссю, калі б беларусаў раптам перанеслі ва ўмоўны Чэлябінск на 25 гадоў. Можа, і ў нас была б такая самая вата ў галаве — а можа і не.
Чацвёртае. Беларускі бізнэс, які абыграў ідэалогію
Пачынаючы дзесьці з 2003-га, у Беларусі была глыбокая «замарозка», якая доўжылася да года 2013-га. У гэтыя гады неверагодна шмат грашэй укідвалася ў прапаганду й ідэёлагаў, але мы ўсё адно ўхітрыліся захаваць незалежныя медыя. Нашыя людзі не збалваніліся, не пашлі за ідэалогіяй. Можа, таму што ідэалогія была лайно, а можа — з-за таго, што крытычнае мысленне развітае.
Магу прыгадаць гісторыю, як мы збіралі грошы на ратаванне кнігарні «Логвінаў» у Мінску. Гэта было ў 2015-м, першая наша спроба фандрайзінгу. Мы запосцілі малюнак коціка і сказалі: адзін лайк — адзін даляр кнігарні з нашых уласных сродкаў (на той момант нас было чалавек 15 у камандзе). Гэта быў чысты эксперымент, мы хацелі паглядзець, ці будуць у аўтарытарнай дзяржаве, дзе быццам нікога не турбуе лёс кнігарні, нешта рабіць. У выніку мы сабралі 4000 лайкаў, пасля накраудфандзілі яшчэ 15 000 даряраў — а потым да нас прыйшоў бізнес і закрыў астатняе. Ціха прыйшоў і дапамог кнігарні, якая выдае беларускамоўныя кнігі і ніякім чынам не ўплывае на поспех бізнэсу. І гэта здарылася ў той час, калі лічылася, што наша мова і культура ў «глыбокай яме» і нікому не патрэбныя.
Беларускі бізнес заўсёды данаціў ціха — даваў грошы і на правядзенне канцэртаў БНР, і на іншыя важныя гісторыі. Я, напрыклад, асабіста ведаю бізнэсмэна, які дапамагаў BY_Help завозіць грошы з-за мяжы ў Беларусь. Гэта такі своп: мы аддаем тут, у Польшчы, а нам аддаюць там, у Беларусі. Такім чынам мы ўнікаем правозак фізічна грашэй праз мяжу. Дык вось, аднойчы гэты чалавек аддаў у Беларусі 50 000 даляраў, а потым сказаў нам: «15 000 з 50 000 вяртаць не трэба».
У краіне, дзе шмат гадоў знішчалася ўсё беларускае і падавалася, што бізнэсу трэба проста рабіць грошы і не выпендрывацца, бізнэс ратаваў беларускамоўную кнігарню, скупляў карціны вядомых беларускіх мастакоў (успомнім Бабарыка і Белгазпрамбанк) ды дапамагаў выкупляць копіі статутаў ВКЛ. Ідэалогія і тут правалілася. Нават у настолькі закрытай краіне бізнес адышоў ад узроўню «зарабляць бабкі» да ўзроўню карпаратыўна сацыяльнай адказнасці. Пры чым у той момант, калі пра гэтую адказнасць нельга было нікому распавесці. Вось ты вываліў бабла на дапамогу дзецям і зараз паўсюль распавядаеш, якой ты сацыяльна адказны — не, у Беларусі дапамагалі не дзеля таго, каб прапіярыць сябе. Бізнэсоўца добра ведаў, што ніколі не раскажа пра свой учынак, але ўсё адно ўкладаў бабкі. Такіх кейсаў я ведаю вельмі шмат.
Пятае. Беларусы змаглі самаарганізавацца ў аўтарытарнай дзяржаве
Таксама яшчэ да мірнага пратэсту ў нас быў афігенскі валантэрскі ўздым. І, што важна, гэта зараз у нас ёсць тэлеграм-каналы, шмат анлайн-СМІ, а ў 2010-2015-м іх амаль не існавала. Вялікую ролю гралі друкаваныя медыя, але дзяржаўная прадукцыя над імі дамінавала. Яна ж пастаянна падкормлівала павестку чырвона-зялёнага сцяга і што без сястры Расіі мы ніхто. Нам прамывалі мазгі 20 гадоў, але не не прамылі канчаткова — і гэта вельмі ах***а.
Пасля кейсу з кнігарняй, у 17-м годзе запусцілі першы BY_Help, які сабраў 50 000 даляраў на штрафы арыштаваных пратэстуючых. Потым быў ByCovid19, калі дзяржава вырашыла, што ніякага ковіду няма, — які сабраў у 60 разоў больш за першы BY_Help. У 2020-м зборы сродкаў у разы пераплюнулі і гэты рэкорд. Карацей кажучы, уздым валанцёрскага руху быў такі, што, напрыклад, у мяне адпалі ўсе сумненні, што калі Лукашенка сыдзе — а ён дакладна сыдзе — праблем з пошукам новых лідараў у Беларусі не будзе. У нас абсалютна цудоўная самаарганізацыя.
Такая ж, як была ў Польшчы, ва Украіне, але! У нашым выпадку гэта была самаарганізацыя ў аўтарытарнай дзяржаве, якая ў выніку ператварылася ў таталітарную. У дзяржаве, дзе да цябе можа прыйсці мент і просто так даць па галаве. Афганістан, Паўночная Карэя — ёсць шмат краін з такім жа рэжымам, дзе людзі проста баяцца. У Беларусі таксама баяліся, але ўсталі і пайшлі — і гэта было крута! Калі 25 год удзёўбваюць: выйдзеш — атрымаеш, але ты выходзіш, сапраўды атрымліваеш, моцна атрымліваеш (мы ўсе памятаем 9-11 жніўня), а потым разам з табою выходзіць яшчэ больш людзей. 16 жніўня ў нашай краіне была адна з самых вялікіх дэманстрацый у яе гісторыі. То бок людзі зразумелі, што дзяржава ператвараецца ў пытачную, і ўсе роўна выйшлі. Гэта фактычна, як калі падчас Майдану Янукевіч загадаў збіваць удзельнікаў — ён разлічваў запалохаць людзей, а іх стала яшчэ больш. І ў нас адбылося тое ж самае, хіба што зброі на той момант не было, але я падазраю, што больш з кветачкамі ніхто хадзіць не будзе.
Шостае. У беларусаў было што есці і губляць, але яны ўсе роўна выйшлі на пратэст
Пратэсты былі ў Беларусі і раней, і ў 90-х былі, калі на вуліцы таксама выходзілі працоўныя заводаў, але як раз той час быў для людзей цяжкім, літаральна была праблема што есці. Пасля 2015-га ў Беларусі ўжо была айцішечка, ды і лейцы прыадпусцілі — ты мог атрымліваць асалоду ад жыцця, седзячы ў файным офісе ў Мінску. Але беларусы вырашылі некуды пайсці, за кагосьці галасаваць. Калі я пабачыў чэргі каля Камароўскага рынку, дзе збіралі подпісы за Ціханоўскага і Бабарыка, — выпаў у асадак.
Сапраўды, нават да 2020-га ў нас была ах***ная краіна, але беларусаў давялі. І 16 жніўня людзі далі знак уладам — вы можаце нас збіваць, катаваць, але мы ўсе роўна выйдзем. Я тады зразумеў, што гэта ўвогуле не пратэст за незалежнасць альбо за мову ці сцяг — гэта пратэст супраць скрадзенага выбару. Нашым людзям было што есці, куды схадзіць ці з'ездзіць — візы цудоўна выдавалі. Жыві — не хачу, з папраўкай на ўсходне-еўрапейскасць. Але людзі таксама хацелі мець магчымасць абіраць свой лёс.
Сёмае. Беларусы змаглі зладзіць пратэст без яўнага лідара
Наш пратэст не пушыў ніхто — так, Ціханоўская таксама яго не пушыла. Спачатку яна прапанавала насіць белыя бранзалеты (і раптам аказалася, што ў кожнага ёсць бел-чырвона-белы сцяг у кладоўцы). Ціханоўская ніколі не кіравала пратэстам, яна кіравалася настроем людзей. І тут я бы зноў правёў паралель з Майданам. Свабодалюбства — гэта добра, але ў 2013-м ва ўкраінскай Радзе заставалася апазіцыя. Лідарам пратэсту ўвесь час было з кім размаўляць, таму што ў краіне ніколі не было такой моцнай «замарозкі» і заўсёды заставаліся дастаткова моцныя палітычныя партыі і постаці. І калі крычаць, што ўсё зрабіў народ… Ведаеце, у бок BY_Help таксама крычаць, што ў яго — грошы народа, але гэтыя грошы далі канкрэтныя людзі канкрэтным людзям. Ёсць народ і ёсць урад — і адно без другога існаваць не можа.
Калі ва ўладзе няма прадстаўнікоў апазіцыі, табе не з кім размаўляць. Няма варыянту перадаць сілавікам, што іх памілуюць, калі яны вырашаць у патрэбны момант «з'ехаць на дачу». У такім выпадку народ мала што можа зрабіць. І вось у Беларусі як раз гэтага і не было, у адрозненне ад Украіны. І я не ведаю, як бы скончыўся Майдан, калі б і ва ўкраінскай Радзе не было б «сваіх».
Восьмае. Беларусы ў 2022-м вышлі на пратэст — гэта як выйсці ў цэнтры Берліну ў 1944-м
Але вернемся да беларусаў. Два гады людзей, якія засталіся ў краіне, катавалі, але што мы пабачылі падчас так званага рэферэндуму? Беларусы зноў выйшлі ведаючы, што іх дакладна пасадзяць. Ведаючы, што гэта як выйсці на пратэст у Пхеньяне або перад маўзалеем Кіма, альбо як у цэнтры Берліна ў 1944-м. Але беларусы ўсё адно выйшлі! Гэта сведчыць аб тым, што сацыяльны кантракт паміж Беларуссю і Лукашенка — усё, ён канчаткова здох.
Дзявятае. Нават зараз у Беларусі застаюцца людзі, гатовыя рабіць злівы інфармацыі з сістэмы
За апошнія два гады ў нас з'явілася вялікая сетка інфарматараў. Па-першае, людзі, ведаючы, як іх могуць пакараць, зліваюць дадзеныя аб перамяшчэннях ваеннай тэхнікі. Вы чыталі «Беларускі Гаюн»? Гэта ж проста афігець! Па-другое — людзі займаюцца падтрымкай следчай журналістыцы. Я ведаю, што і зараз злівы прыходзяць з сістэмы, з унутраных органаў. Сістэма свісціць, там ужо даўно няма маналіту, злівы ідуць нон-стоп. Акрамя гэтага беларусы фізічна шкодзяць перамяшчэнню расійскай тэхнікі, што таксама заслугоўвае вялікай павагі.
А што да сусветных трэндаў, паслухайце — спачатку сусветныя лідары былі за Беларусь, зараз пабеглі да Ўкраіны, але я ўпэўнены, калі ў нашай краіне пачне нешта адбывацца, яны зноў прыйдуць да беларусаў. Рэжым Лукашенка застаецца праблемай для Еўропы. Канешне, Украіна зараз важнейшая, таму што там значна больш стаіць на кану, там ідзе вайна. Але! Вырашэнне праблемы ва Ўкраіне немагчыма без вырашэння праблемы ў Беларусі, таму пра нас ніхто не забудзе.
Дзясятае. Беларусь — ідэальны кандыдат на ўваход у еўрапейскую супольнасць
Мы — нармальная нацыя, са сваімі каштоўнасцямі і добра сфармуляваным запытам. Мы хочам свабодных выбараў, хочам свабодна жыць у сваёй краіне. Таму мы не сядзелі на дупе роўна, а пайшлі патрабаваць, з-за чаго многія проста зламалі сабе жыццё (не бяруся казаць, ці шкадуюць яны аб гэтым). Аказваецца, увесь час, пакуль нас кармілі прапагандай і здавалася, што беларускамоўныя кнігі, культура, БЧБ і медыя нікому не патрэбныя — беларусы ўсё гэта цанілі. Ім патрэбна гэта і зараз.
Я ўпэўнены, Лукашенка сыдзе і пачнецца трансфармацыя. І калі гэта здарыцца, улічваючы, што мы вельмі самаарганізаваная краіна, дзе мінімум алігархата і карупцыі на нізавым узроўні, мы, насамрэч, ідэальны кандыдат на ўваход у еўрапейскую супольнасць. У нас маналітны народ, таму ў нас усе будзе добра. Я б нават сказаў, усе будзе за***сь, таму што мы робім усе дзеля гэтага (а калі б усе было херова, я б пайшоў працаваць на Белсат і спрабаваў знайсці сабе рускамоўную аўдыторыю).