Мы сустракаемся з Лявонам Вольскім у «Камяніцы» за дзень да выхаду «Чырвонага штралю» – шостага дыска за 15 год існавання «Крамбамбулі». Гурт прэзентуе яго на вялікім канцэрце 7 лістапада ў Вільні – наўрад ці трэба тлумачыць, чаму не ў Мінску. Пасля прэзентацыі гурт плануе і ўвогуле «сысці партызаніць у лясы» – свабодна канцэртаваць па Беларусі ён па-ранейшаму не можа.
Гурту «Крамбамбуля» амаль 15 год, а напою з той жа назвай – некалькі стагоддзяў. Легенд пра паходжанне крамбамбулі існуе некалькі. Па адной, «заходняй», крамбамбуляй звалі ўсе алкагольныя напоі, якія пілі студэнты (некаторыя крыніцы нават сцвярджаюць, што гэта сумесь піва і гарэлкі). Іншая легенда кажа, што гэты напой прыдумалі менавіта беларусы, а па свеце яго развезлі шматлікія беларускія студэнты, якія вучыліся за мяжой.
Лічыць ці не лічыць крамбамбулю нашай – кожны вырашае сам. Майстар беларускай кухні Алена Мікульчык кажа так: «Калі страва гатуецца на беларускай зямлі больш за 50 год, яе можна лічыць беларускай».
Італьянцы, між тым, «пазычылі» лазанню з кухні старажытных грэкаў – і ніхто ж не спрачаецца, што цяпер гэта італьянская страва! Спецыяльна для нашай сустрэчы Алена зварыла пляшку тонкай, мяккай крамбамбулі, а дзе добрая чарка – там і добрая размова.
Для тых, хто сам захоча зварыць такі ж смачны шляхетны напой, мы падрабязна занатавалі рэцэпт – глядзіце напрыканцы матэрыяла.
Раз, два, тры – усе ў лес
KYKY: «Крамбамбуля» заўсёды была вясёлым праектам. Чаму ж цяпер раптам – партызанства?
Лявон Вольскі: «Крамбамбуля» застаецца вясёлай і зараз. Можна ж быць вясёлымі партызанамі. Беларускія партызаны, мне здаецца, павінны быць вясёлымі. Ёсць на дыску пару сур'ёзных песень, пракраліся, але агульны пасыл усё роўна пазітыўны. Няма там такога, нібы нам усім гамон – гэта тэма не гэтага альбома і не гэтай каманды.
KYKY: «Нам усім гамон» таксама быў вясёлым!
Лявон Вольскі: Безумоўна! Толькі вось накаркалі.
KYKY: А раз вам усё яшчэ весела, навошта спыняцца? Мы вось на KYKY танчым, нават калі нам зусім сумна.
Лявон Вольскі: Дык і мы таксама танчым! У нас нават слоган такі быў: «We're not afraid to dance» – «Мы не баімся танчыць». Тое, што мы сыходзім у лясы, не значыць, што мы сыходзім на пенсію, і вы нас больш не ўбачыце. «Чырвоны штраль» – пэўна, апошні альбом гурта, але на «Басовішчы» сыграць мы можам – яно ж у лесе праходзіць!
KYKY: Мне здаецца, гэты жыццёвы прынцып – танчыць, калі табе дрэнна – вельмі беларускі.
Лявон Вольскі: Так, і пайсці займацца спортам, калі дрэнна – гэта практычна тое ж самае.
KYKY: Вы самі казалі нядаўна, што вам надакучылі параўнанні са спартсменамі. А як увогуле да спорта ставіцеся?
Лявон Вольскі: Добра стаўлюся. Да Пашы Аракеляна ў качалку не хаджу, але сам крышку займаюся. Толькі не вельмі люблю калектыўныя заняткі. Нават не ведаю, чаму – не маё, і ўсё тут. А ўвогуле, гэта як лекі: танчыць, займацца спортам. Можна нават і па кілішку крамбамбулі выпіць, бо гэта вельмі пазітыўны напой. Дарэчы, крамбамбуля ў Алены атрымалася выдатная – вельмі тонкая. Калі мы самі першыя разы спрабавалі варыць крамбамбулю, скарыстоўвалі рэцэпт з памылкай. Было напісана «3-4 лыжкі перцу» – а на самой справе трэба 3-4 гарошкі. Ядроная атрымлівалася, але пілі!
KYKY: Дарэчы, наконт лясоў і спартсменаў. Brutto – таксама партызанскі атрад. У вас з імі адзін і той жа лес?
Лявон Вольскі: Для «Крамбамбулі» – так, гэта адзін лес. Партызаны мы розныя, таму што ў нас людзі ў атрадах розныя, але аўдыторыя ў нас можа быць адна і тая ж.
KYKY: Увогуле, сыход у лес выглядае ўжо як тэндэнцыя. Вось незалежныя музыкі ўжо тры гады ладзяць фестываль «Эхо» ў лесе пад Гродна. Не думалі, што канцэртную дзейнасць можна перанесці ў лес?
Лявон Вольскі: Думкі былі, але мы вырашылі, што гэта можа перашкодзіць экалогіі – пры першых гуках музыкі ўсе жывёлы разбягуцца! Хаця, можа і наадварот, збягуцца – таксама класна, больш публікі будзе. На самой справе, у лесе рабіць канцэрты толькі лепей, калі гэта лес, далёкі ад усіх пунктаў аховы парадку. Ні ад каго не залежыш, не трэба ісці ў нейкія кантрольныя органы і падаваць гастрольку, узгадняць. Прыехаў у лес – паставіў сцэну – зайграў. А яшчэ можна ў вёсках граць, за ежу, для бабулек.
Партызаны звычайна проста забіралі хлеб, яйкі, паляндвічку – а мы будзем браць іх за аказанне паслуг насельніцтву!
KYKY: «Крамбамбуля» яшчэ вернецца?
Лявон Вольскі: Безумоўна! Прыедзем на конях на плошчу Каліноўскага, і адразу з сядла – на сцэну, граць пераможнае шоў: «Крамбамбулі – 50 гадоў!» (смяецца)
Свабоды глыток
KYKY: Прозвішча «Вольскі» цвёрда асацыюецца з воляй, і воля – тое, да чаго вы імкнуліся і імкняцеся ў сваёй творчасці. Дзе вы адчувалі сябе найбольш вольным?
Лявон Вольскі: Шмат каму не спадабаецца гэты адказ, аднак для мяне воля асацыюецца з маім першым прылётам у Злучаныя Штаты Амерыкі. Я адчуў сябе там абсалютна вольным чалавекам – не ведаю, чаму.
KYKY: А ў Беларусі ў вас ёсць «месцы волі»?
Лявон Вольскі: Ёсць, але ўсе яны дакладна не ў Менску, большасць іх – дзесьці на прыродзе. Шмат волі для мяне звязана з вёскай, з так званай «беларускай Швейцарыяй». Дарэчы, як ні дзіўна, пейзажы там і сапраўды падобныя да швейцарскіх. Не на тыя, дзе стаяць высачэзныя Альпы, а на прадгор'і ў раёне Базэльшчыны.
KYKY: А ў якія часы воля адчувалася найбольш моцна?
Лявон Вольскі: 92-94 год, ды і канец 90-х, калі яшчэ не было такога кантролю, такой перабольшанай увагі да музыкі. Але калі ўжо была воля па поўнай праграме, то ў той кароткі перыяд дэмакратыі ў пачатку 90-х. Хаця з творчасцю ў мяне якраз тады былі сур'ёзныя праблемы – не было з чым змагацца! (смяецца) Затое тады я адкрыў для сябе журналістыку, абсурдовая і дурацкая праграма «Квадракола» пачала набіраць абароты. Пачаў займацца паэзіяй сур'ёзней, чым раней. Не проста «клепануць тэкст для песні», як было напрыканцы ў «Мроі»: «Ну трэба ж нешта напісаць… Давайце напішам».
KYKY: Моладзь ужо, пэўна, і не ведае, што такое «Мроя». А вы яшчэ добра памятаеце, якой яна была?
Лявон Вольскі: Ясна, памятаю! «Мроя» – гэта быў падлеткавы ансамбль. Мне было на пачатку «Мроі» 15, і мне проста хацелася граць музыку і пісаць словы.
KYKY: У цяперашняй моладзі сітуацыя падобная на тую, што была ў вас: як вы ад нараджэння і да стварэння «Мроі» не бачылі ніякіх змен, так і дзеці 90-х усё сваё жыццё правялі пад адной уладай. Дзе ж цяперашнія смелыя 15-гадовыя? Чаму яны не выходзяць спяваць пратэстныя песні?
Лявон Вольскі: Гэта не да мяне пытанне, а да людзей, які даследуюць грамадскія працэсы. Ды і калі мы пачыналі, ніхто ж не пісаў ніякіх пратэстных тэкстаў, толькі мы – і тое нашы тэксты былі такія, што каб дакапацца да пратэста, там трэба было добра капаць. Так што, можа, і нармальна, што цяпер так – пры нас было абсалютна тое ж самае, мы проста ўзялі і самі пачалі.
KYKY: Ну вось, вы кажаце: «Падлеткавы гурт», – а гэта ж гурт, які запусціў цэлую вялікую хвалю!
Лявон Вольскі: Падлеткавым ён быў напрыканцы 80-х, а ў 90-я пераўтварыўся ў больш-менш дарослы. У нас ужо нават вініл быў выпушчаны – «28-я зорка». А радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» нават назву змяніла на «БМ» пасля таго, як «Мроя» запісала ў іх альбом і назвала яго «Студыя БМ». Спачатку «Беларуская маладзёжная» была камсамольскім радыё, а потым стала страшна прагрэсіўным: там былі скандальныя рэпартажы, разбіральніцтвы, павальная тарашкевіца – «парлямэнт», «Лёндан», усё такое. Гнеўныя пенсіянеры пастаянна дасылалі лісты: «Гэта што такое?!» Але станцыя ўсё роўна трымалася сваёй лініі. Начальнік радыё Булацкі пастаянна цягаў на дыван галоўнага рэдактара Жанну Літвіну: «Што ж вы робіце! Нас жа засыпалі пісьмамі!» І ўсё роўна – 2 ці 3 гады гэта працягвалася, зачыніць не маглі. Зачыніў толькі Кебіч падчас выбараў.
Дзе ж ты, дзе ж ты, дольчэ віта
KYKY: Ці была калі-небудзь «Крамбамбуля» камерцыйным праектам?
Лявон Вольскі: Не, ніколі яна не была ў першую чаргу камерцыйнай. Ды і няма ў нас музычнай камерцыі, быць камерцыйным праектам тут немагчыма нават пры сур'ёзным жаданні. Хіба ісці ў прынятую ў гэтай краіне форму камерцыі – у абойму выканаўцаў, якія атрымліваюць свае 40 адсоткаў праз прафкам – а гэтым мы займацца не сталі б.
KYKY: І нават ніякага бізнэс-плану не было?
Лявон Вольскі: На золку «Крамбамбулі» нешта такое было, мы гулялі ў бізнес-план. Але гэта была толькі гульня, і нічога з яе не атрымалася: поле для гульні занадта звужанае.
Мы падаравалі брэнд «Крамбамбуля» гарэлачнай кампаніі – які нармальны бізнесмен так зрабіў бы?
KYKY: Слова «гульня» ў дачыненні да «Крамбамбулі» мне ўвогуле падабаецца: мне здаецца, што гэты праект быў гульнёй ад самага пачатку.
Лявон Вольскі: Безумоўна! Да гэтага праекту было прыцягнута шмат вельмі розных людзей, абсалютна розных прафесіяў. Шмат рознага кшталту музыкаў – Гюнэш, напрыклад. Як яна там апынулася ўвогуле? Міхалок, Кулінковіч, Гюнэш – усе разам, такі вялікі цырк на дроце. Усе музыкі, якія напачатку сабраліся ў праекце, гралі крайнюю ступень пратэстнага рока – у гурце Zet, напрыклад. І «Крамбамбуля» была як адкланне, як адпачынак, гульня – і для музыкаў, і для слухачоў. Усе адтапырваліся, усім было класна: граем вось, дурныя такія, у ідыёцкіх пінжаках з сэканд-хэнда. Прывозілі з розных вандровак, хто што мог: капелюшы, нейкую біжутэрыю. На Ждановічы ездзілі, на развалы, выбіралі: «О, глядзі, які дурацкі пінжак! Падыходзіць!» Басісту, памятаю, кажам: «Владзік, ды ты кавёр хадзячы!» – а ён адказвае: «Ды ў мяне пінжак, як у дырыжора італьянскага!»
KYKY: А цяпер – партызаны…
Лявон Вольскі: Гэта такое пераўвасабленне – «Крамбамбуля» ж увесь час неяк перараджалася. На першых канцэртах мы ўсе клеілі вусы, нам іх ахвяраваў Тэатр юнага гледача. А бубначу, Гансу, дасталася такая прафесарская барада. А ён лысаваты быў, і з гэтай барадой выглядаў год на 65, хоць было яму тады каля 30. Потым з брутальнаватых вусатых мужычкоў у дзіўных пінжаках мы пераўтварыліся ў гламурных ідыётаў з незразумелай арыентацыяй – нафарбаваныя такія, скокалі ў футрах па сцэне. Большага абсурду цяжка і прыдумаць: лета, +30 на вуліцы, а гурт выступае ў футрах з забітага жлобінскага плюшавага леапарда! (смяецца) «Драбадзі-драбада» быў перыядам суворых рабят у кілтах, кацялках і цыліндрах. Цяпер вось – партызаны. Мы розныя, канешне – у партызанскіх атрадах заўсёды былі розныя людзі. У нас пераважаюць дабрыня, гумар і павага адно да аднаго. І няма міжнацыянальных канфліктаў, хаця склад шматнацыянальны.
KYKY: Напэўна, самы блізкі да «Крамбамбулі» беларускі гурт па гэтым духу пераўвасабленняў – «Кассиопея», ды і ўзніклі гурты ў адзін і той жа час – у 2001 годзе.
Лявон Вольскі: У «Кассиопеи» больш здаровага абсурду, чым у «Крамбамбулі». Хаця элементы абсурду крыху розныя, і стылізацыя іншая. У нас, напрыклад, шмат стылізацый пад савецкія песні: «Старыя хіпаны», «Савецкае шампанскае», «Усходняя ноч» Палада Бюльбюль-аглы, сямідзясятніцкія «клёшападобныя».
KYKY: Атрымліваецца, «Крамбамбуля» рабілася не каб разбагацець, а проста каб не звар'яцець.
Лявон Вольскі: Я не сказаў бы так – «каб не звар'яцець». Проста калі чалавек увесь час ходзіць прыбіты абставінамі, дзяржаўнымі ці жыццёвымі, то яму трэба неяк лекавацца пазітывам. Вось мы і лекаваліся. І далекаваліся да партызанскага атраду, цяпер у лясы ідзём змагацца. Каб не звар'яцець, трэба змагацца.
KYKY: І танчыць?
Лявон Вольскі: Так. А бывае, што і танец – змаганне.
Знікні прэч, туга
KYKY: Беларусы надзвычай часта дзеляцца на «нашых» і «не нашых»…
Лявон Вольскі: На жаль, сённяшняя сістэма з самага пачатку свайго панавання пачала працаваць на такі падзел: гэта – нашы, гэта – не. Ты альбо ў адной сістэме, альбо ў іншай, і ў абедзвюх – свае законы.
KYKY: Але чаму нават Нобелеўка Святланы Алексіевіч падзяліла беларусаў? Здаецца ж, яна нічога дрэннага беларусам не зрабіла.
Лявон Вольскі: Яна проста творчы чалавек, і час ад часу можа выказвацца так, як камусьці вельмі не падабаецца. На мой погляд, Нобелеўка Алексіевіч павінна была сцэментаваць нацыю, бо такога ў нас яшчэ не было – такой перамогі свабоднай думкі, такога яе ўганаравання. І ўсё роўна палова маіх сяброў-літаратараў напісалі ў фэйсбуках: «Ай, гэта несапраўдная беларуская літаратура». Шчыра кажучы, я гэтага зразумець не магу.
Памятаю, пасля мінулых выбараў у Берліне была канферэнцыя, куды з творчых асоб запрасілі Алексіевіч, Артура Клінава і мяне. Людзі задавалі нам пытанні пра сітуацыю ў Беларусі: «Што цяпер будзе?» Для Алексіевіч сітуацыя была вельмі трагічнай, яна адразу па палічках яе расклала. Яна якраз пісала пра «чырвонага чалавека». Казала, што шматлікія інтэрв'ю і ўсё тое, што адбываецца, адбіваюцца на яе самаадчуванні. Артур распачаў канспіралагічную тэорыю расійскай змовы. А я падумаў, што мне трэба ўсю гэту трагедыю разбавіць чымсьці пазітыўным, смешным, і я ўзяў на сябе ролю блазна: «Ды нічога, усё будзе нармальна, перастаньце! Трэба займацца сваёй справай».
Алексіевіч на мяне паглядзела і сказала: «Эх ты, хлопчык, мала ты жыцця ведаеш».
Але я працягваў, каб не было атмасферы суцэльнай жалобы, нават пару вясёлых песень у канцы праспяваў. У рэшце рэшт прайшло пяць год – і зразумела, што і Святлана, і Артур мелі рацыю. Не лепшыя пяць год былі для беларускай культуры.
KYKY: Вам 50. Ці ёсць нейкі страх старасці?
Лявон Вольскі: Не. Пакуль не адчуваеш сябе старым і хворым, страху няма.
KYKY: 20 год таму выйшаў першы альбом N.R.M., цяпер – апошні альбом «Крамбамбулі». Што змянілася за гэты час?
Лявон Вольскі: Стала больш досведу – і гэта класна. Ведаеш, што чагосьці варта не рабіць. У 30 год ты кідаешся на ўсё, што табе прапаноўваюць, і больш за палову з гэтага не спрацоўвае. А пры большым досведзе ты адразу ведаеш: гэтым займацца не варта, таму што яно не спрацуе. Вось бывае, прапаноўваюць табе: «А паўдзельнічайце ў такім праекце, калі ласка!» І ты адразу бачыш: там нешта такое мутнае, што нічога не дасць – ні краіне, ні мастацтву, ні мне, ні нават арганізатарам. Раней я згаджаўся, каб не расстройваць людзей, а цяпер адмаўляюся.
KYKY: А чым займацца дакладна варта?
Лявон Вольскі: Калі інтуіцыя табе падказвае, што чымсьці займацца неабходна, то гэтым займацца і варта. Заўсёды так: разумееш, што гэтым займацца трэба – займайся і не адкладай. А яшчэ трэба рабіць ранішнюю гімнастыку. Кожны дзень! (смяецца)
Як правільна варыць крамбамбулю: падрабязная інструкцыя
Кухар Алена Мікульчык даведалася пра крамбамбулю ад прамых продкаў: у сям'і Алены сакрэты напою ведала прабабка Хадорка, якая дажыла да 102 год. Праўда, Хадоркіна крамбамбуля была не вельмі падобнай да таго напою, які мы разам з Аленай варым тут жа, у «Камяніцы» – яна была моцнай, «для дарослых», варылі яе на аснове самагонкі. Ды і крамбамбуляй яе ніхто не называў, такога слова продкі Алены проста не ведалі – звалі проста «мядовай настойкай».
Алена Мікульчык: Не існуе адзінага рэцэпта крамбамбулі, гэта цэлы шэраг алкагольных напояў з агульнай назвай. Аб'ядноўваюць гэтыя напоі тры асноўныя інгрэдыенты: алкаголь, спецыі і мёд. А канкрэтных рэцэптаў – безліч. Згодна з аднымі, крамбамбулю трэба настойваць мінімум суткі, а потым адразу піць, ёсць такія, па якіх піць яе можна праз тыдзень. Існуе і такая крамбамбуля, якую трэба настойваць месяц. А ёсць экспрэс-версія, беларускі варыянт глінтвейну: прыгатаваць не вельмі моцны напой, 8-10% алкаголю, і піць яго гарачым.
Рэцэпт, які мы скарыстоўваем, не запісаны ў такім выглядзе ў старажытных крыніц – ён стаў вынікам сучасных даследаванняў гісторыі беларускай кухні. Для варкі нам спатрэбіцца: 0,5 л гарэлкі, шклянка вады, 3 сталовыя лыжкі мёду, 1 апельсін, 10 журавінак і 5 розных спецый: карыца, гваздзіка, чорны перац, кардамон, аніс. Усе інгрэдыенты, якія мы скарысталі, можна адшукаць на кухнях беларусаў з далёкіх часоў. Апельсіны з'явіліся ў дамах шляхты яшчэ ў 16 стагоддзі – іх разам з лімонамі прывезла ў Беларусь каралева Бона Сфорца. У 18-19 стагоддзі іх ужо можна было даволі вольна набыць – праўда, каштавалі яны дорага, падатак бралі з кожнага плода. Можа, таму беларусы не выкідалі скуркі ад апельсінаў, а скарыстоўвалі іх для іншых страў.
Пачынаем варку. Заліваем у рондаль шклянку вады (200-250 мл), даліваем да столькі ж гарэлкі, ставім на пліту. Гарэлку, што засталася ў бутэльцы, адставім да канца варкі.
Сыплем у рондаль сталовую лыжку карыцы. Гэта галоўная спецыя ў крамбамбулі, таму шкадаваць яе не трэба – лыжку набіраем з верхам. Другі галоўны інгрэдыент –гваздзіка. Засыпаць яе трэба ў змолатым выглядзе, прычым Алена раіць не купляць молатую, а змалоць цэльную – так лепш захаваецца водар. Гваздзікі сыплем крышку менш, чым карыцы: таксама сталовую лыжку, але крыху няпоўную.
Дасыпаем у рондаль 1/3 чайнай лыжкі анісавых зярнятак, а потым – такую ж колькасць молатага чорнага перцу. Калі варыце крамбамбулю зімой і хочаце, каб яна добра сагравала з маразоў, перцу можна насыпаць больш, нават цэлую лыжку.
Наступная спецыя – кардамон. Бяром 4-5 цэлых стручкоў, трушчым іх пальцамі ці нажом і кідаем у сумесь. Яшчэ ў крамбамбулю можна дадаць крыху мускатнага арэху, асабліва калі ў вас ёсць цэлыя арэшкі. Трэба разбіць іх абалонку і нацерці на тарку. Дадаваць мускат, куплены ў краме змолатым, сэнсу мала – водару ён амаль не дае.
Зразаем скурку з 1/3 апельсіна, здрабняем на кубікі і кідаем у рондаль. Можна скарыстоўваць скурку ад лімона, можна – не свежую, а сушаную.
Крамбамбуля тым часам пачынае кіпець. Пакіпіць – здымаем і пакідаем астываць да 40 градусаў. Гэта патрэбна, каб мёд і журавіны, якія мы будзем дадаваць, не згубілі свае карысныя якасці, а з гарэлкі не выпарыўся увесь алкаголь. Калі адвар астыў, яго можна паспрабаваць. Пазней крамбамбуля стане салодкай, але на гэтым этапе ў ёй яшчэ няма мёду – затое цяпер можна зразумець, якіх спецый у яе след дадаць больш. Крамбамбуля не мае ніякіх пэўных рамак: можна дадаць больш перцу, можна карыцы – як душы заўгодна. Але проста дасыпаць спецыі ў рондаль на гэтым этапе нельга: спачатку патрэбную спецыю трэба пракіпяціць ў невялікай колькасці вады, і толькі потым атрыманы адвар даліць у наш напой. Калі крамбамбуля нарэшце астывае да 40 градусаў, кідаем у яе крышку журавін – літаральна 10 ягадак.
Дадаём тры сталовыя лыжкі мёду і як след перамешваем.
Выціскаем у рондаль сок з 2/3 апельсіна.
І, нарэшце, даліваем гарэлку.
Наша крамбамбуля атрымалася цягучай, густой і непразрыстай – усё гэта за кошт карыцы.
Аднак празрыстай яе зрабіць можна, і для гэтага ёсць два шляхі. Першы – даць ёй выстаяцца: праз месяц усё асядзе, крамбамбуля будзе чысценькай і празрыстай. Другі варыянт – настойваць яе з тымі ж спецыямі, але не молатымі, а цэлымі. Варыць крамбамбулю трэба будзе столькі ж, але пасля ёй трэба будзе мінімум месяц, каб як след настаяцца. Зрэшты, напой гатовы і зараз: яго засталося толькі працадзіць. Праз звычайнае сіта спецыі могуць прасачыцца, таму цадзіць крамбамбулю будзем праз марлю, складзеную ў некалькі слаёў. Марля яшчэ і паскорыць працэс, бо з яе напой можна адціснуць, не чакаючы, пакуль ён сцячэ сам.
Усё – можна ўключыць «Чырвоны штраль» і пачаць дэгустацыю.
Прэзентацыя альбома «Чырвоны штраль» пройдзе 7 лістапада ў Вільні, у канцэртнай залі Compensa. Беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы, апошні тэрмін падачы дакументаў – 30 кастрычніка. Набыць квіткі можна ў касах kvitki.by і ў паб-клубе «Графіці», кошт – ад 620 тысяч.