Аднойчы я прывёз у гэтае сумнавядомае месца турыстаў з Польшчы. Удзельнікі навуковай канферэнцыі пажадалі ўбачыць даваенную польска-савецкую мяжу, наведаць Мінск і пакланіцца ахвярам сталінскіх злачынстваў у Курапатах. Шмат хто з гасцей Беларусі неаднаразова быў у Катыні, Быкоўне і іншых месцах масавых растрэлаў НКУС. Але месца пахавання тысяч людзей, знішчаных пад Мінскам, уразіла польскіх гасцей. Не, не тым, што ў Курапатах няма афіцыйнага мемарыялу і музею, а маштабам трагедыі, якая адбылася тут у канцы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў. Убачыўшы шматлікія крыжы на сымбалічных магілах, адзін з палякаў сказаў: «Колькі ж тут беларусаў забілі. Гэтае ўрочышча павінна стаць месцам агульнабеларускага пакланення ахвярам бальшавіцкага тэрору». «Калі-небудзь так і будзе», – адказаў я.
Пачатак пошукаў праўды
У 1988 годзе савецкую Беларусь «узарвала» навіна: пад Мінскам знайшлі масавае пахаванне людзей. У артыкуле «Курапаты – дарога смерці», які быў апублікаваны ў не самай буйной беларускай газеце «Літаратура і Мастацтва», даследчыкі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў інфармавалі грамадскасць, што ў перадваенныя гады ў лесе ля вёсцы Зялёны Луг пад Мінскам НКУС расстрэльваў людзей. На падставе сабраных археолагамі матэрыялаў беларуская пракуратура пачала следства. Падчас частковай эксгумацыі былі знойдзены астанкі сотняў людзей і шмат рэчаў, якія належалі ахвярам. Акрамя гэтага, былі выяўлены гільзы ад зброі, якой карысталіся каты. Генеральная пракуратура БССР пачала следства па гэтай справе. Тады ж следчыя прыйшлі да высновы, што расстрэлы ў лясным масіве Курапаты ажыццяўлялі супрацоўнікі НКУС. Аднак з-за таго, што асобы, якія ўдзельнічалі ў гэтым злачынстве памерлі, крымінальная справа была спынена.
Абвінавачанне ў злачынстве чэкістаў выклікала абурэнне з боку камуністычных і ветэранскіх арганізацый. З'явілася версія, што людзей у Курапатах забівалі нацысты. Гэтую ідэю актыўна падтрымлівала «грамадская камісія». У 1993 годзе незадаволеныя таварышы даслалі ў Вярхоўны Савет Беларусі прапанову пра перагляд вынікаў следства. Супрацоўнікі пракуратуры адпрацавалі «нямецкі след» і даказалі, што ў архівах Германіі і Ізраіля няма ніякіх узгадак пра масавыя растрэлы ў раёне Зялёнага Луга. Больш таго, нямецкія даследчыкі пазначалі, што почырк злачынцаў з Курапат адрозніваецца ад таго, што пакідалі нацысцкія вайсковыя злачынцы. Новае следства ў 1998 годзе ізноў не змагло пацьвердзіць дачыненне немцаў да растрэлаў у Курапатах. Разам з тым, падчас раскопак было знойдзена найбольш вялікае пахаванне, а сярод артэфактаў археолагам трапілася турэмная квітанцыя 1940 года аб адабранні ў зняволенных каштоўных рэчаў. Гэты дакумент сведчыў, што растрэлы ў Курапатах праводзіліся да моманту нападу Германіі на СССР.
З кожным годам гісторыя курапацкіх пахаванняў усё больш палітызавалася, з-за чаго пакутавала гістарычная праўда.
З цягам часу на месцы пахавання ахвяр сталінскіх злачынстваў з'явіўся народны мемарыял. Аднак, што ж на самой справе адбывалася ў канцы 1930-х гадоў побач са старой дарогай з Мінска ў Заслаўе?
Чорны дзень беларускай інтэлігенцыі
Звернемся да ўспамінаў тых, хто бачыў трагедыю сваімі вачамі. Жыхар вёскі Цна Зміцер Бароўскі ўзгадваў, што людзей ў лесе пачалі растрэльваць ў 1935-1936 гадах. «Я ужо быў вялікім. На танцы спрабаваў хадзіць. Але тады стралялі рэдка. Масавыя растрэлы пачаліся ў 1937-м, тады і плот паставілі», – адзначаў сведка.
Вось што адзначаў іншы мясцовы жыхар: «Летам 1937 года памёр мой бацька, і маці пачала падымаць мяне замест яго, каб пасвіць кароў. Мы жылі на хутары, наш дом быў у баку ад вёскі. Кароў пасвілі побач з заслаўскай дарогай. У адзін з першых дзён маёй пастуховай працы, гадзін у пяць раніцы, я ўбачыў, як у лес заехалі грузавыя машыны. Хутка пасля гэтага раздаліся стрэлы. Я не ведаў, што гэта за машыны і чаму страляюць. Пазней мне дарослыя патлумачылі, што расстрэльваюць «ворагаў народа».
А вось як тыя падзеі апісваў адзін з кіроўцаў НКУС: «Калі я быў загадчыкам гаража, то ад кіроўцаў чуў, што некаторыя з іх вазілі ў аўтазаках на пакаранне зняволенных з унутранай турмы. Па словах гэтых кіроўцаў, расстрэльвалі людзей у лесе па Лагойскай шашы, але дзе дакладна, мне яны не распавядалі. [...] Бралі, як памятаю, у кожны «чорны воран» па 15-20 чалавек, хоць па праекце яны былі разлічаны на пяцярых».
Нагадаю, у 1937 годзе па Беларусі, як і па ўсім Савецкім Саюзе прайшла найбольш жорсткая хваля сталінскіх рэпрэсій. «Сёння ў Беларусі не выносяць тых грамадзян, якія добра валодаюць беларускай мовай у пісьме і гутарцы. Такіх прымаюць за рэшткі «цацдэмаўскага атрэб'я». Напрыклад, акадэмік беларускай Акадэміі навук спецыяльна стараецца гаварыць на беларускай мове з памылкамі, каб партячэйка не падазравала яго ў нацыянал-дэмакратызме. Бяспечней выкарыстоўваць ва ўстановах і штодзённым жыцці рускую мову, чым беларускую. Доўга Масква змагалася з ненавіснай «нацдэмаўшчынай». Бальшавікі бачылі яе ў ва ўсім», – так характарызавала рэпрэсіі ў БССР польская газета «Віленскі кур'ер» у 1937 годзе.
Толькі на працягу адной ночы, з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, апрычнікі Сталіна знішчылі больш за 100 выдатных дзеячаў культуры і навукі Беларусі, сярод якіх варта ўзгадаць такія асобы як Платон Галавач, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрась Лявонны. Магілай для гэтых і іншых людзей стаў, у тым ліку, і Курапацкі лес. Дзеля таго, каб быць абвінавачаным у «буржуазным нацыяналізме», хапала размаўляць па-беларуску, ці выказвацца на карысць развіцця беларускай культуры. Менавіта тады, у жудасныя 1930-я, разам з інтэлігенцыяй знішчалася ідэнтычнасць беларускага народа.
Польская паліцыя «ратуе» КПЗБ ад НКУС
Як вядома, ахвярамі сталінскіх катаў былі не толькі грамадзяне БССР. У другой палове 1930-х гадоў у савецкую Беларусь масава бягуць актывісты Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Польскія ўлады распачалі актыўныя рэпрэсіі супраць гэтых людзей. Сяброў забароненай у Другой Рэчы Паспалітай палітычнай арганізацыі арыштоўвалі, судзілі і кідалі за краты. Аднак заходнебеларускія камуністы і камсамольцы нават не здагадваліся, які жах іх чакае ў «краіне працоўных і сялян».
Адзін з жыхароў Стоўбцаў узгадваў ва ўспамінах: «Недзе ў канцы 1938 года некалькіх маіх знаёмых камсамольцаў арыштавала польская паліцыя. Бацька тады сказаў, каб я ішоў ў савецкую Беларусь. Жылі побач з мяжой, ведалі кожную сцежку. Сабралося нас чатыры чалавекі. Перайшлі кардон і на тым баку пачулі: «Стой! Стрелять буду!» Савецкія памежнікі адвезлі ў камендатуру. Там пачалі дапытваць. Цікавіліся, з якой мэтай перайшлі мяжу і якую задачу нам паставіла польская выведка. Я адказваў, што з'яўляюся сябрам камсамольскай ячэйкі, а яны мяне білі жорстка. Пазней, нас чацвярых адвезлі ў Мінск. Там ізноў допыты і катаванні. У рэшце рэшт, далі мне «менш меньшага» – 15 год. Напэўна за тое, што віну сваю не прызнаў. А вось аднавяскоўцаў маіх «тройка» прысудзіла да растрэлу. Відаць, не вытрымалі яны здзекаў і падпісалі прызнанні».
Перад пачаткам Другой Сусветнай вайны не ўсе маладыя хлопцы з Заходняй Беларусі жадалі папоўніць шыхты Войска Польскага. Шмат хто бег ў БССР.
«Мяжу мы перасеклі ў раёне Радашковічаў 21 жніўня 1939 года, на досвітку. Самі прыйшлі на памежную заставу, дзе нас адразу ўзялі пад ахову і пасля кароткага допыту павезлі ў Заслаўе. А праз сем дзён у Мінск, у «амерыканку». Мяне змясцілі ў камеру, якая была ў падвале. [...] Камера наша была невялікая, але ў ёй знаходзілася 22-23 чалавекі. У гэтай клетцы я прасядзеў да суда, да 1 лістапада 1939 года. Падчас допытаў мяне катавалі. [...] Я казаў, як было, пераконваў, што я не шпіён. [...] 1 лістапада 1939 года мяне судзіў Вайсковы трыбунал. Прысудзілі да 15 гадоў зняволення. Мы ведалі такое правіла: калі канвойны кажа «збірацца з рэчамі», значыць гэты чалавек у камеру да нас ужо больш не вернецца. Сярод зняволенных ішлі тады размовы, што тых, хто выходзіў «з рэчамі», увозілі на расстрэл у Зялёны Луг», – пазначаў ва ўспамінах адзін са сведкаў эпохі.
Атрымліваецца гістарычны парадокс. Польскія ўлады, якія паводле судовых прысудаў накіроўвалі заходнебеларускіх камуністаў і камсамольцаў у турмы і лагер у Бярозе-Картузскай, па сутнасці, ратавалі ім жыццё, бо ў СССР гэтых людзей «лічылі агентамі дыфензівы» і прысуджалі да смяротнага пакарання. Ветэран КПЗБ Васіль Ласковіч успамінаў: «Мы не верылі, што ў БССР судзяць і расстрэльваюць камуністаў з Заходняй Беларусі. Але нам прыйшлося паверыць, калі адміністрацыя польскай турмы, у якой мы знаходзіліся, паказала нам польскія газеты, у якіх расказвалася пра судовыя працэсы над «перабежчыкамі». Палякі казалі: «Ну што, камуністы, бачыце, ваш Сталін вас прадаў». Вельмі сумная карціна».
«Шпіён», які хацеў вучыцца
Каб зразумець трагедыю, праз якую прыйшлося прайсці ў канцы 1930-х гадоў беларусам, узгадаю гісторыю 17-гадовага жыхара Заходняй Беларусі Аркадзя Леановіча. Хлопец нарадзіўся на хутары Жукаў Барок у жніўні 1919 года. Сястра Аркадзя ўспамінае, што вучоба яму давалася лёгка, хлопец мог па памяці перамнажаць і дзяліць вялікія лічбы. Да таго ж ён быў і выдатным спартоўцам. Асабліва любіў лыжы. Ніхто не мог з ім спаборнічаць у гонках на іх. У калектыве хлапчукоў-аднакласнікаў Аркадзь быў заўсёды, як кажуць цяпер, нефармальным лідэрам.
У мае 1937 года, у апошні год навучання ў гімназіі, Аркадзь Леановіч са сваім сябрам перайшоў савецка-польскую мяжу, якая праходзіла побач, у Коласава. Хлопцы імкнуліся паступіць ва ўніверсітэт у Мінску. Аднак на савецкім баку заходнікі трапілі ў рукі зялёных фуражак. Пасля допыту на заставе іх адвезлі ў Мінск, ва ўнутраную турму НКУС «амерыканку». 17-ці гадовага ўраджэнца хутара Жукаў Барок абвінавацілі ў супрацы з Другім адзелам польскага генштаба (выведкай) і паводле артыкулаў 68а, 22, 71 УК БССР прысудзілі да «вышэйшай меры сацыяльнай абароны». Праз некаторы час пасля гэтага Аркадзя Леановіча расстралялі… у Мінску.
Пасля пачатку Другой Сусветнай вайны вязнямі мінскіх турмаў сталі і шматлікія польскія грамадзяне, якія трапілі ў рукі чэкістаў пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Падчас археалагічных прац і эксгумацыі ў Курапатах не былі выяўлены рэчы (гузікі, какарды, пагонныя зоркі і г.д.), якія б сведчылі пра растрэлы польскіх вайскоўцаў.
Аднак было знойдзена шмат грамадзянскіх рэчаў, якія мелі выразнае «заходняе» паходжанне. Сярод іншых у адной з брацкіх магіл ахвяр НКУС быў знойдзены мужчынскі грэбень, на якім быў надпіс па-польску «Цяжкія хвіліны зняволеннага. Мінск. 25.04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да адчаю. На другім баку прадмета было напісана: «26.04. Расплакаўся – цяжкі дзень».
Заходнікаў трымалі ў школе
У Мінску захаваліся некаторыя аб'екты, якія так ці інакш звязаны з жудаснымі сталінскім рэпрэсіямі канца 1930-х гадоў. Пра некаторыя з іх пойдзе гутарка ў гэтым матэрыяле. Мала хто ведае, што летам 1937 года арыштаваных жыхароў Заходняй Беларусі, якія пасля пераходу мяжы жылі ў Мінску, першапачаткова трымалі ў будынку… школы.
«Недзе ў ліпені 1937 года мяне і шматлікіх іншых супрацоўнікаў розных службаў запрасілі ў клуб НКУС. Сабралося нас чалавек 300. Кожнаму было загадана правесці ператрус у замежнікаў, пераважна перабежчыкаў з Польшчы. Мне выдалі пастановы на ператрус і арышт грамадзяніна, які жыў у доме, на месцы якога зараз знаходзіцца стары корпус Інстытута народнай гаспадаркі. Памятаю, жыў гэты чалавек у невялікім пакоі з жонкай, маці і двума дзецьмі. Прозвішча яго я ўжо забыў. Абстаноўка ў пакоі была сціплая. Абшукваць нам асабліва не прыйшлося. Мы з міліцыянерам проста прапанавалі яму ісці з намі, пачакалі, пакуль жанчыны збяруць яму вузялок, адвялі і здалі яго на пункт збора арыштаваных у 4-й школе на вуліцы Кірава», – узгадваў ва ўспамінах інспектар аўтатранспарту НКУС БССР Іосіф Бятанаў.
Будынак навучальнай установы быў узведзены ў 1936 годзе. Падчас вайны ён значна пацярпеў, аднак у пасляваенныя гады быў адноўлены, і сёння там, як і ў 1930-я, размяшчаецца школа. Вось толькі яе навучэнцы наўрадці ведаюць пра сумную старонку гісторыі сваёй альма матэр.
Магіла ката
На адных мінскіх могілках побач з пахаваннямі савецкіх жаўнераў і партызан спачывае прах таго, хто растрэльваў беларусаў, палякаў, яўрэяў, рускіх у Курапатах. Гутарка ідзе пра палкоўніка дзяржбяспекі Сцяпана Рыгоравіча Кобу. У канцы 1930-х ён служыў начальнікам камендатуры унутранай турмы НКУС у Мінску. Вось як дзейнасць гэтага чалавека характарызаваў адзін з яго калег: «Выконваючы аперацыю па прывядзенні пастанаўленняў аб растрэле над вялікай колькасцю рэпрэсаваных, С. Коба патрэбным чынам правядзенне гэтай аперацыі не арганізаваў. Працэс насіў пакутлівы характар, таму што шматлікія з рэпрэсаваных заставаліся параненымі і па ўказанні С. Кобы іх дабівалі ломам. Калі восенню 1937 года яму далажылі, што адзін з супрацоўнікаў спрабаваў узарваць асуджанага з дапамогай электрадэтанатара, С. Коба заявіў: «Яшчэ не тое рабілі. Галоўнае – хутчэй растрэльваць ды берагчы патроны».
Гэты чалавек зрабіў выдатную кар'еру ў органах дзяржбяспекі. Лаўрэнцій Цанава цаніў падначаленага. Ён нават загадаў, каб кабінет Кобы быў насупраць апартаментаў наркама. Адзін з ахоўнікаў «амерыканкі» узгадваў: «Удзельнічалі ў растрэлах многія супрацоўнікі камендатуры – Нікіцін, Коба, Ермакоў, Якаўлеў. Вярнуўшыся позна ноччу у НКУС, яны потым у сталовай распівалі спіртныя напоі, якія ім выдаваліся па загадзе. За што, не ведаю. Магчыма, і за шкоднасць працы».
Былы наглядальнік мінскай унутранай турмы НКУС А.Знак ва ўспамінах падкрэсліваў: «Калі Коба стаў начальнікам, мяне прызначылі заведваць складам камендатуры. Я выдаваў супрацоўнікам зброю і боепрыпасы да яе. У прыватнасці, працоўныя камендатуры, як правіла, карысталіся рэвальверамі «Наган». Добра памятаю, што такая зброя была ў Бачкова, Абрамчыка, Кобы, Астрэйкі, Мігно, Дуброўскага. Па іх словах, гэтай зброяй яны растрэльвалі прысуджаных да смяротнага пакарання «ворагаў народа».
У сакавіку 1941 года Сцяпан Коба стаў камендантам Адміністрацыйна-гаспадарча-фінансавага аддзела НКДБ БССР. У лістападзе 1941-га яго адкамандзіравалі ў Асаблівы аддзел НКУС Рэзервовага фронту. Са снежня 1941-га Сцяпан Коба – камендант Адмысловага аддзела НКУС Заходняга фронту, з траўня 1943-го па сакавік 1945-го – камендант АГУ НКДБ БССР, з кастрычніка 1946-га – намеснік начальніка адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела МДБ БССР. Са жніўня 1952 г. любімчык Цанавы – камендант МДБ БССР.
Памёр 45-гадовы Коба ва ўласным кабінеце, на два месяцы перажыўшы Сталіна.
Былы чэкіст Іван Стэльмах так апісваў свае уражанні ад знаёмства з начальнікам камендатуры: «Пасля вайны, калі я ўжо працаваў намеснікам міністра МДБ, мне давялося займацца разборам лістоў сваякоў тых людзей, каго ў 1930-х гадоў прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення свабоды без права перапіскі. Я вырашыў звярнуцца па дапамогу да Кобы і запытаў яго, які лёс гэтых людзей. Ён хітра ўсміхнуўся, а пазней сказаў, што гэтыя прысуды азначалі растрэл. Тады ж, памятаю, Коба паведаміў мне па сакрэту, што акцыі гэтыя праводзіліся ў лясным урочышчы пад Мінскам. [...] Не саромеючыся, Коба расказаў, што растрэлы ён праводзіў сам разам з іншымі супрацоўнікамі камендатуры, сярод якіх былі Нікіцін і Ермакоў. Стралялі ў галаву з наганаў, бо, па словах Кобы, гэта самае надзейная зброя. За ноч растрэльвалі, як правіла, не менш за 10 чалавек. Пасля «аперацый» іх удзельнікам абавязкова выдавалі спірт. [...] Коба распавёў мне тады, што аднойчы мясцовыя жыхары, якія збіралі ў лесе грыбы, знайшлі свежую магілу і раскапалі яе. Прыйшлося, казаў Коба, выехаць у тую вёску, яна была побач з месцам пакарання, знайсці гэтых людзей і строга іх папярэдзіць, каб маўчалі, інакш ім прыйдзецца дрэнна».
Дарэчы каты НКУС, якія растрэльвалі сваіх ахвяр у Курапатах, жылі ў цэнтры даваеннага Мінска, у доме, пабудаваным у 1929 годзе. Сын мінскага чэкіста Уладзіміра Нікіціна адзначаў: «Я ведаю, што бацька ў 1937-1938 гадах служыў камендантам НКУС БССР, а намеснікам у яго быў Ермакоў. Перад вайной ён застраліўся. Мы сябравалі з яго сынам. Часта бывалі ў нас у гасцях Коба, Ягодкін, Каўфман. Гэта ўсё бацькавы калегі. Жылі мы ў адным доме на вуліцы Кірава ў Мінску». Будынак, у якім жылі чэкісты, захаваўся да сённяшняга дня і з'яўляецца нямым сведкай тых жудасных часоў, калі па сталіцы БССР ездзілі «чорныя вораны», а людзей растрэльвалі без суда і следства.
Гісторыя трагедыі ў Курапатах патрабуе глыбокага асмыслення не палітыкаў і гісторыкаў, а, перш за ўсё, звычайных грамадзян Беларусі.
Тых, хто, нажаль, і праз больш чым 20 год, якія прайшлі з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці, так і не змаглі цалкам усвядоміць усе этапы беларускай гісторыі. Сёння неабходна зрабіць усё, каб сучасныя беларусы зразумелі, што тады, у 1930-1940 гг. сталінскія злачынцы нанеслі жудасны ўдар па нацыянальнай свядомасці нашага народа. Наступствы начных растрэлаў у Зялёным Лузе мы, на жаль, адчуваем па сённяшні дзень.