Гадзіны груканьня ў зачыненыя дзьверы сацыяльных цэнтраў, паляваньне за людзьмі, якія, здавалася, могуць ведаць, дзе ёсьць які жылы сквот. Сэнегальскія мігранты прапануюць мне жытло, але вельмі засмучваюцца, калі Марыюш вяртаецца з крамы. Занадта халодна, і нават дасьведчаныя бамжы не распачалі яшчэ оўпэн-эйр сэзон. Апошні пункт у нашым маршруце роспачы – сацыяльны цэнтр Casa Blanca, дзе якраз адбывалася спатканьне калектываў цэнтру. Дзесяткі вачэй недаверліва глядзяць на нашыя заплечнікі, але збольшага ўсё файна. Вось толькі, канешне, дапамагчы нам ніхто ня можа. На разьвітаньне пытаемся, што будзе адбывацца на гэтым тыдні, слова за словам завязваецца гутарка, і тут твар аднаго з суразмоўцаў у флюралісцэнтнай камізэльцы асьвятляе радасная ўсьмешка: «Ааа, kurwa! Схадзіце вы да італьянцаў – раптам што атрымаецца».
Італьянскі імігранцкі сквот знаходзіўся у мігранцкім жа раёне в'етнамскіх крамаў «Імпарт-экспарт», інтэрнэт-кавярняў і перамоўных, вуліц Авэ Марыі і Езуса, а таксама кітайцаў, якія кругласутачна прадаюць піва на вуліцы (трэба толькі ведаць, да якога chino падыходзіць). Наш плян сьціплы: папрасіцца на адну ноч, а потым актыўна тусавацца і шукаць чулых сяброў з кватэрамі. Рэпетуем прамову і аглядаем будынак: зьверху вісіць сьцяг, на першым паверсе нейкая цывільная кавярня, а вось уваходных дзьвярэй ня бачна – няўжо яны ходзяць дадому праз кафэ? У той самы момант у сьвятле ліхтара зьявілася трыё: па зьнешнім выглядзе рэпер на бруклін-стайл з капай дрэдаў ззаду, вышэзны ўладар шыкоўнай афра-фрызуры невядома якога дыямэтру і сабака (легендай сквоту было тое, што рана ці позна яго зьядуць).
– Спакойна, дзяўчо, спакойна! Адна ноч? Хадземце!
Вечарам аўторка амаль усе жыхары гулялі ў карты ў гасьцінай з падзёртымі чырвонымі сьценамі і шастом пасярэдзіне. Гэта мой першы раз у бардэлі, няхай і заскватаваным. Усе іншыя пакоі вельмі маленькія – месца хапае, толькі каб устаць з ложку і апрануцца. Таксама тут нейкія адмысловыя дзьверы, якія, зрэшты, чымсьці нагадваюць турму. Нават шкада, што толькі на адну ноч. Але калі ўвечары другога дня нам выдалі леапардавую коўдру, ключы і зерне гашыша, я супакоілася – нас прынялі.
***
«Ты выглядаеш чыстай», – сказаў некалькі дзён таму Сальваторэ. На жаль, гэта ўжо ня так. Пакуль пісала гэтыя радкі, заўважыла на скуры новую чорную пляму ніжэй за локаць. Сальваторэ жа дагэтуль чысты, хаця і ня ходзіць у Casа de banos: «Гэта для бяздомных, а ў мяне ёсьць дом». Між іншым, празь некалькі дзён гэта стане маім улюбёным месцам у Мадрыдзе, увасабленьне камуністычнай мары: за 30 цэнтаў ты атрымліваеш 15 хвілін цёплага душу. Ах, проста бальзам на душу! Паўсюль людзі ў белых халатах, таму крыху нагадвае шпіталь. Усе наведвальнікі, відаць, пастаянныя, на выхадзе дзяўчаты фарбуюцца і завіваюць валасы. А ты ідзеш далей, заходзіш у кабінку, распранаесься, дастаеш шампунь і крычыш: «Аква, пор фавор!». Лацінаамэрыканская жанчына, як з кліпаў, націскае на чароўны рычажок, і на цябе льецца ачышчальная субстанцыя, а яна слухае палымяныя заакіянскія рытмы і, спадзяюся, таньчыць.
***
Суботняя тусэ, на якую нас запрасілі, была настолькі разнашэрсная, што, здавалася, людзей аб'ядноўвала там толькі адное – усе яны былі італьянцамі. І рабілі там, натуральна, самую смачную піцу. «У вашых краінах ядуць піцу з ананасам?» – Марка, дызайнер шалёнай мэблі з Сіцыліі, схапіўся за сэрца. Ведаеце што? Італьянская эстрада, канешне, крутая, але ёй не перамагчы моц дыскапола і румынскіх гітоў. Адыграўшы сэт, я толькі прызямлілася ля гіганцкага кошыка са слодычамі з аргентынскай пякарні, як натыкнулася на погляд уладара гэтага самага кошыка.
– Эй, дык гэта вы хацелі ўпісацца ў мяне па CouchSurfing?
Аргентынскі слодыч застраў у мяне ў горле. Дый што тут асабліва казаць?
– Памятаеш хаця б, якую адгаворку прыдумаў? – толькі і выдавіла я.
– Ня вельмі... – прызнаўся пекар. – Штосьці кшталту «да мяне прыехала цётка... ці дзядзька». Але цяпер я вельмі хачу запрасіць вас, вы мусіце прыйсьці ў мой дом, заўтра ж патэлефаную вам!
Яшчэ ў сярэдзіне вечара на працу сышоў мой галоўны сябра – Сальваторэ, альбо Тото. Год дзесяць таму ён вывучаў літаратуразнаўства і гісторыю мастацтва, некалькі год працаваў выкладчыкам, рабіў зь сябрам паэтычны альманах, куды пісаў і свае вершы – здавалася, у момант гэтае размовы ягоны твар нават крыху прасьвятлеў. Апроч гэтага, з 16 год ён старана падтрымлівае вобраз па-сапраўднаму дрэннага хлопца – сьпяваў у сатанінскім рок-гурце (яны нават далі адзін канцэрт у царкве – дакладней, пачалі яго даваць), насіў толькі чорнае, амаль да ўсяго ўжываў мэтафару «факінг ступід шыт», і, гатуючы вечаровыя спагеці, распавядаў гісторыі кшталту «рабіў я аднойчы соўс з чылі, а потым меў сэкс з класнай дзяўчынай. Адзінае што я забыўся памыць рукі – pussy was really on fire. Так што ты ня плач, што вока пальцам працерла».
Празь некалькі дзён ён так і не вярнуўся з працы, ягоны пакой (дзе, дарэчы, некалькі тыдняў праляжаў труп былога акупанта дома) стаяў пустым. Яшчэ праз дзень Марыюш вярнуўся да сваіх памэранчаў на ўзьбярэжжа пад Валенсіяй, і ўсё гэта паклала пачатак маёй праблеме з сацыялізацыяй. Аднаго ранку я прачнулася і зразумела: не, не хачу больш піва пасьля ранішняй кавы, і паліць таксама нічога не хачу – разрыў кантакту №1 (раней для такіх справаў быў Марыюш). Акрамя Тото, па-ангельску ў доме мала хто размаўляў – разрыў №2.
Пасьля колькі дзён біцьця лындаў я зразумела, што глядзець тэлебачаньне – гэта ўжо нейкі занятак, спроба якога тут правалілася з трэскам і перашкодамі. Падлучыўшы dvd-плэер, які невядома адкуль прыцягнуў Марчэла, мы з пяць хвілін спрабавалі глядзець італьянскі мульцік у лілова-зялёных колерах, але потым ад гэтага пачаў ехаць дах. Плэер, зрэшты, таксама, як і стол, і стогадовая швейная машынка – гэта ўсё прадметы невядомага паходжаньня для далейшага барыжаньня. Але безумоўным каралём гэтага рамяства быў вялізны афрагішпанец, які жыў на трэцім паверсе, і ад якога час ад часу вылазілі панкі зь гітарамі. Ягоны пакой быў застаўлены прадметамі гандлю, завешаны плякатамі футбалістаў і прасякнуты моцным кактэйлем пахаў. Як і варта было чакаць, ён апынуўся зоркай дансхолу, а Марчэла – ягоным прадусэрам і рэстаўратарам мэблі.
***
Я назаўжды запомню гэты дзень. 6 сакавіка – дзень наймацнейшых прыступаў сацыяфобіі. Яшчэ зранку я прачнулася ад вусьцішных (хочацца сказаць – нечалавечых, але гэта ўжо занадта) крыкаў і ляскатаньняў. Мянты? Эвікцыя альбо штосьці яшчэ (увечары рабяты мелі сёй-той бізнэс)? Джанкі? «Аморэ, аморэ! Баста!» – надрывалася Каця, пакуль Андрэа рабіў штосьці, што па гуку нагадвала забіваньне дзьвераў, і крычаў у адказ: «Порка дыя! Дыскатына! Порка дыя!» Выглядала на тое, што больш я адсюль ніколі ня выйду – такая вось сямейная драма. Але ўжо ўдзень, пасьля панкова-камуністычнага блышынага кірмашу я некалькі гадзін блукала па вельмі ажыўленым раёне ў пошуках месца, дзе б замовіць кавы і наведаць туалет, а пад канец – і дзе б пад'есьці. Ад самой думкі, што трэба размаўляць зь людзьмі, далоні пацелі і дранцьвелі. Я нават пабаялася зайсьці ў фэмінісцкую культурную кавярню, дзе вісела шыльдачка «Сёньня ў нас ёсьць хумус», а-а! Але ў выніку месца ўсё ж знайшлося, напрыканцы раёну. Дзьве белыя калоны на ўваходзе спачатку спужалі – а раптам гэта нейкая цывільная рэстарацыя? Але яна апынулася настолькі бюджэтным варыянтам, што падлога ля барнай стойкі была засыпана сурвэткамі і зубачысткамі, кава з малаком падавалася ў вялікім гранёным кубку, а тарцілья – зь 2 лустамі ня надта сьвежага багета (каб лепш набіць страўнік). Галоўная публіка той кафэхі – пенсіянеры, таму пад плякатамі з футбольнымі камандамі ля сьценкі роўненька прыладзіліся кастылі. Афіцыянты ядуць з усімі ў залі, на іх чырвоных тварах нават ня сьледу ўсьмешкі. Нішто такі аванград да модных імігранцкіх рэстарацый на суседніх вуліцах!
***
«Ну і што ты тут робіш?» – гэтае збольшага ветлівае пытантьне заўсёды ставіць мяне ў тупік. Я ўжо разважала аб тым, каб прыдумаць сабе якую-небудзь цікавую місыю, бо travelling/wandering around ужо нават лянота вымаўляць, і гэта ставіць крыж на працягу размовы. Ну, напрыклад, я вандрую па сацыяльных цэнтрах і дэгустую тарты і пірожныя. І менавіта таму я сёньня на La Kondenada, бо на стале ажно пяць гатункаў: два чакалядных, адно лімоннае, адно карамельнае і навінка – слаёнае з крэмам, усё веганскае. Менавіта таму, а не праз тое, што ўсе мае сябры зьехалі, я ў Мадрыдзе нікога ня ведаю, а там, дзе я пакуль жыву, увесь дзень сваркі, як зь фільмаў – з трэскам, звонам і крыкамі, так што я вырашыла трымацца пакуль падалей.
***
«Скажы мне, – давяральна паклала мне руку на плячо Малві, – табе тут самотна? Яны ж па-ангельску ня шараць. Ну ня зь ім жа ты размаўляеш?» – скасілася яна ў бок Габры. На ягоных тапыраных дрэдах павіс ружаваты пацук, якога прывёў на шпацыр адзін парагваец. Габры кінуў школу ў 15 і ненавідзіць «Маленькага прынца» (аддае перавагу энцыклапедыям – «там больш праўды»). Пасьля паўгадзіны зь ім заўважаеш, што твой голас становіцца таксама сіпатым, сказы – прымітыўна-простымі, а ў канцы кожнага зь іх у цябе вырываецца тырада сьмяшкоў. Нягледзячы на limited english, гэта быў мой лепшы суразмоўца пасьля Тото. Зь ім мы па начах шукалі станцыі метро без кантролю (гэта не барсэлонскі транспартны рай) і ледзь не пакінулі на вуліцы цэлы пакунак натуральных ягуртаў. «Яны ня добрыя, – скрывіўся ён і паставіў слоік назад да сьметніцы. – Зусім не салодкія».
Аднойчы я вырашыла пад'..баць Габры простым пытаньнем: «Якія твае пляны на сёньняшні дзень?» Пасьля некалькіх хвілінаў роздуму ён усё-ткі знайшоў адказ: «Сіеста!»
Сама Малві размаўляе на пэрфэкт інглішы і дае прыватныя заняткі. А таксама прыбірае ў кватэрах, мое вокны ў офісах і робіць шмат чаго яшчэ – на афіцыйную працу нелегальным мэксыканскім мігрантам няма чаго і лічыць.
***
Каб патрапіць у крутыя месцы, варта не ленавацца і быць гатовымі ехаць у самыя спальныя раёны. Слава актывістам – тут культура не настолькі цэнтралізаваная, а жыцьцё існуе і па-за межамі цэнтра. Будынак, што займае сквот El Dragon, знаходзіцца на тэрыторыі могілак і мае шыкоўную тэрасу-мост, дзе ўжо хутка мусяць квітнець агуркі, а базылік – напаўняць паветра шыкоўным пахам. Пасьля фільму пра паліцэйскія рэпрэсіі ў дачыненьні да мігрантаў пачалася дыскусія, і таму я вырашыла зьмяніць занятак на той, дзе ня трэба размаўляць і слухаць – а менавіта выціскаць сок з памэранчаў, яшчыкі зь якімі займалі палову кухні. Але той, хто размаўляе па-ангельску, аўтаматычна становіцца нашым сябрам. З гэтымі фенечкамі і дурацкай камізэлькай Алеха мае даволі хіпанскі выгляд, затое погляды радыкальныя, а голас дык увогуле пірацкі – гэта было чуваць падчас радыё-майстэрні ад калектыву пірацкага радыё (сапраўднага, якое займае радыёхвалі і атрымлівае штрафы ад ураду) раёну Lesseps. Запіс перадачы пра El Dragon атрымаўся ўгарным, а ў рэклямнай застаўцы можна пачуць і беларускую мову: «Надаючы жыцьцё мёртвым прасторам» – чэк іт аўт, калі знойдзеце!
Увечары дождж сарваў карнавал на галоўнай плошчы (відаць, ніхто не разагнаў аблокі), а мне ўсю ноч сьніліся сны пра пірацкія радыёхвалі.
Прыходзілі госьці, яна апранала ружовую сукенку, брала ў рукі гітару і сьпявала сумныя песьні. Вельмі хударлявая, асабліва твар у атачэньні чорных валасоў і доўгай чубкі пад самыя вочы. Па нашых падліках ёй было каля 35, мо крыху болей, і ўсё сваё жыцьцё яна пражыла ў Мадрыдзе – «у вельмі прыгожым доме, такім пэнтхаўсе на Гран Віа, ведаеш?» Ейная бабуля валодала першай у Мадрыдзе крамай гатовага адзеньня, але з прыходам новых модных трэндаў усё менш людзей абірала рэтра-сукенкі, і празь нейкі час крама абанкруцілася. На сквоце Ана жыве пакуль менш за тыдзень і вельмі спадзяецца, што доўга тут не затрымаецца – ейны сябра, мэксыканец Даніэль, запрапанаваў часова пажыць тут, пакуль яна здае свой дом у арэнду, каб аддаць пазыкі. У маладосьці Ана хадзіла ў акторскую школу, а потым на курсы французскае мовы ад працоўнай біржы. Калі мы зь ёй размаўлялі па-французску, на твары Каці можна было прачытаць: «Калі яны скончаць вы..бвацца?»
Але, акрамя гэтага, паміж намі ўсё было добра. Дзе былі цёркі, дык гэта паміж цэлай італьянскай кааліцыяй з аднаго боку, і мэксыканцам Даніэлем і ягонымі гасьцямі, лацінаамэрыканскай тусоўкай, – зь іншага. Адчувалася відавочная непрыхільнасьць, якая час ад часу прарывалася вонкі. Напрыклад, калі ў дом біліся сябры Даніэля – проста пякельныя джанкі, якія рызыкавалі прыцягнуць мянтоў – праблемы да ўсяго дома. Але тым разам усё скончылася, як па мясцовых раскладах, дык спакойна.
***
Танны тофу з кітайскай крамы смажыўся і залаціўся з гароднінай, а галасы Габры і Мэксыканца станавіліся ўсё больш напружанымі. І вось замест морквы я бачу акрываўлены твар Габры, да спрэчкі двух далучаецца Дыега, які хапае са стала нож і ляціць на Мэксыканца з крыкам «Ту э муэртэ! / Ты пакойнік!» Наступным імгеньнем яны ўтрох ляцяць на мяне: 0 мм да сьцяны, 5 мм ад нажа. Яшчэ праз сэкунду счэпленыя целы перакотваюцца ў калідор, а на падлозе сярод бульбы, морквы і тофу ляжыць доўгая пасма валасоў Мэксыкаца – нож зрабіў-ткі сваю справу. Гэта было адно з самых прыгожых відовішчаў, што я бачыла за доўгі час, і, здавалася, сам час ад гэтага застыў. Між тым на крыкі павыпаўзалі са сваіх пакояў іншыя сквотэры, пераступаючы праз рэшткі таго, што раней было кухняй і абедам. Доўгія крыкі і разборкі, у якіх я праз моўны бар'ер не магла паўдзельнічаць, таму крыху прыбралася і пайшла наверх. Калі праз гадзіну я спусьцілася ўніз, Мэксыканца ў доме ўжо не было, затое ўсе былі ў добрым настроі, варылі каву, слухалі «Last night dubstep saved my life» і абдымалі мяне: «Саша, нам вельмі сорамна, але ты цяпер ня бойся». «Ён зашмат піў і правакаваў нас», – сказаў Дыега і пайшоў мяняць замок.
***
У апошні дзень здарылася тое, што звычайна сьведчыць аб тым, што горад расхінуў перад табой свае абдымкі і пачаў зацягваць глыбей і глыбей. Я кажу пра тое, калі да цябе ўпершыню прыходзяць госьці. Сьера вывучае тут гішпанскую. Ёй толькі 20, і ў ейнай роднай Каліфорніі нельга піць, затое афіцыйна дазволена паліць марыхуану, таму ўсё нашае знаёмства яна была досыць спалёнай. Як героі фільма «Who is Bozo Texino» і кніжак Керуака, яна – сапраўдны хоба, якая аб'езьдзіла ўсю Амэрыку задарма. Яна з тых самых дзіцякоў, якія сьпяць каля цэркваў, сьпяваюць фолк-панк і цёгаюцца па вуліцах у суправаджэньні статку сабак (аднойчы цётачка дала ёй 50 баксаў, каб тая добра глядзела за жывёламі). Пра ейнае чырлідэрскае мінулае мала што нагадвае, хіба што твар чамусьці выклікае ў памяці амэрыканскія падлеткавыя драмы.
Разам зь ёй прыйшла Хілары – у вытанчаным нью-ёрскім стылі i з дарагой запальнічкай яна спачатку выглядала крыху напружанай, але хутка ўжо распавядала пра атакі пацукоў памерам з сабаку, якія выскокваюць з-за паваротаў на вуліцах Нью-Ёрку. Але... «Чаму ты ня возьмеш таксоўку да аэрапорта? Тут гэта танна», – зьдзіўлена ўзьняла яна бровы. Няёмкую паўзу парушыла Сьера, якая прапанавала зрабіць калектыўныя фота. Нечакана ўсе радасна паскоквалі з канапаў і расплыліся ва ўсьмешках. О, курва, калі б я раней ведала, што гэтыя небясьпечныя рабяты так любяць фатаграфавацца!
***
Самалёт да Кракава быў а 6-ай раніцы, таму, каб ня надта хвалявацца, я паехала на начоўку ў аэрапорт яшчэ зьвечара, паўтульней разьмясьціўшы спальнік сярод рэчаў, пачытаўшы надпісы ў туалеце і ўсё такое. Уначы мне сьнілася, што я ўжо дома, таму калі зранку я прачнулася і ўсё яшчэ была ў Мадрыдзе, мне няслаба парвала дах, і ўвесь дзень мяне не адпускалі праблемы з ідэнтыфікацыяй часу і прасторы. «Хэй, ты ў Варшаве, чуеш? Усё нармальна», – казалі мне, пакуль я загіпнатызавана глядзела на пакецік з рамонкавай гарбатай у кубку, седзячы на фатэлі ў тату-студыі аднаго з варшаўскіх раёнаў. Але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя.