Пожалуй, на 11 день войны беларусам уже не стоит рассказывать, почему в мире начало меняться отношение к людям с синим паспортом. Но почему и как это произошло? И должно ли происходить? Колонку об этом опубликовал в своем фейсбуке писатель Альгерд Бахаревич.
«Раней нас шкадавалі — «бо ў іх жа, бедных, Лукашенко».
Потым нас падтрымлівалі — «бо ў іх, жа, нязломных, Лукашенко».
Потым нас любілі — «бо ў іх жа, адважных, Лукашенко».
Цяпер нас ненавідзяць — «бо гэта ў іх жа, у іх, а ня ў нас Лукашенко».
Потым нас забудуць — «бо ў нас свабода і Эўропа, а ў іх? У іх быў усяго толькі Лукашенко, нічога цікавага».
А калі ўспомняць праз шмат гадоў, дык скажуць — «а, гэта тыя, у каго было такое, як яго там… Лукашенко».
Здаецца, мы ўжо ўсім канчаткова надакучылі са сваім Лукашенко. Выходзіць, нас любілі і падтрымлівалі за тое самае, за што сёньня караюць і пагарджаюць. І за тое самае хочуць забыць. Хто ўспамінае сёньня, за што сядзіць, напрыклад, мой швагер? А ягоная жонка? А ўчора казалі — аяяй, які жах. Ламалі сабе языкі: Жівье Біеларус. Было міла. Цяпер нам прыдумалі іншую легенду: мы ўсе пуцінскія вырадкі. Гэта праз нас вайна ідзе.
Такі вось шырокі спэктр падтрымкі, такая вось салідарнасьць. Учора — мы вас ня кінем, ах, якія вы мужныя, ах, якая несправядлівасьць. Сёньня — усе вы за Пуціна, мразі. Сіні пашпарт — чорная метка, без разбору. Я і праўда лічу, што рашучыя дзеяньні Захаду ў 2020-м на беларускім напрамку маглі б прадухіліць цяперашнюю вайну. Але тады быў «пэрыяд любові». Не да дзеяньняў было закаханым у далёкую «Біеларус».
Дзесяцігодзьдзямі нас бачаць толькі праз каламутнае Лукашенко. Мы людзі, для існаваньня якіх у вачах замежных бюракратаў чамусьці мусіць быць прычына. Іншыя жывуць безь яе і гэтым каштоўныя, самі па сабе — а вось каб пабачыць нас, заўсёды патрэбнае абгрунтаваньне. Пажадана простае, каб галаву не ламаць. Лепш за ўсё няхай гэта будзе якое-небудзь Лукашенко. Каб менш было чаго мяняць у паперах. Учора за яго любяць, сёньня караюць. Заўтра яшчэ штосьці можна прыдумаць.
І хочацца неяк намякнуць тым, хто нас раней падтрымліваў: давайце, скажыце нам нарэшце праўду. «Вы, беларусы, нам надакучылі, са сваёй больш чым тысячай палізьняволеных, з жанчынамі, якія сядзяць у турмах, з жанчынамі, якіх хапаюць у царкве падчас малітвы. З тымі, каго забілі і згвалцілі, з вашымі зруйнаванымі лёсамі і жыцьцямі, з вашым страхам за блізкіх». Давайце, скажыце: «Не было ніякага 2020-га, і да яго нічога не было, гэта вам падалося, прымроілася, вы нам усе надакучылі, сіняпашпартныя, ня хочам вас больш ведаць, падыхайце там, у сваіх межах, якія і так ужо даўно ня вашы. Гэта вы ва ўсім вінаватыя з вашымі бясконцымі палітвязьнямі — у іх жа таксама сінія пашпарты РБ».
А мы самі? Мы ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі жылі па той бок каламутнага шкла. Мы кахалі, сварыліся, змагаліся, тварылі, сябравалі і падарожнічалі, выжывалі, уцякалі і вярталіся, хаваліся і вучыліся, марнелі і марылі, хварэлі і паміралі. Як маглі. Без усялякіх «бо». Мы й так ведаем, што мы не змаглі. Мы й так ведаем, што мы здолелі: застацца сабой. Ганіце нас за гэта чым далей ад сябе, у цёмныя стэпы, на бязьлюдныя выспы, па месяцовых дарогах — але калі вам і гэтым разам патрэбная прычына, каб нас гнаць, прыдумайце сабе нарэшце нейкую іншую. А то, ведаеце, Лукашенко — гэта і праўда ўжо не арыгінальна.
Я праўда не разумею — як можна ненавідзець чалавека за пашпарт.
Думаю як эгаіст найперш пра сябе — успамінаю сваю біяграфію. Я хацеў бы паглядзець у вочы чалавеку, які скажа, што гэта біяграфія пуцінскага прапагандыста. Думаю пра тваю біяграфію... Потым думаю пра ўсіх знаёмых мне беларусаў. Усё жыцьцё кожнага — супраціў. Дзесьці млявы, дзесьці пасіўны, дзесьці проста ляніваая партызаншчына, збольшага — супраціў творчы, часам — проста пратэст. Страты, лузэрства, ганьбаваньне, вечна паўпадпольнае існаваньне — і ўсё роўна, мы рабілі нешта, насуперак дзяржаўнай машыне. А шмат хто пайшоў да канца і заплаціў жыцьцём і свабодай на доўгія гады.
Ды хай адсохне тая рука, якая зноў і зноў ставіць на нас свае «палітычна абгрунтаваныя» штэмпэлі».
Автор обложки: Ivan Bambalin, 19 августа 2020-го.